Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2001 г.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Наваполацкія прадпрымальнікі, у адрозьненьне ад сваіх калегаў зь іншых рэгіёнаў, вырашылі страйкаваць ня пяць дзён, а пятнаццаць.

Нагодай дзеля страйкавай акцыі сталася апісаньне тавараў шэрагу дробных прадпрымальнікаў, распачатае работнікамі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў. Апісаньні пачаліся 23 сьнежня, і на пытаньні чаўнакоў: "Дзеля чаго гэта робіцца?", адказ быў надзвычай ляканічны: "На ўсялякі выпадак".

Як правільна зразумелі прадпрымальнікі, падобныя дзеяньні — гэта ня што іншае, як першы этап масавых канфіскацыяў і грашовых спагнаньняў у сьвятле кагадзе ўведзенага мытнага афармленьня тавараў.

Таго ж дня старшыня мясцовага Прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валер Шаўчэнка наведаў згаданы Камітэт і запатрабаваў тлумачэньняў — на якіх падставах пачаліся апісаньні тавараў, калі справа аб мытным афармленьні знаходзіцца яшчэ на разглядзе ў Савеце міністраў, але ўцямных тлумачэньняў не дачакаўся. Між тым, з прыватных размоваў уведаў, што напярэдадні кіраўнікоў рэгіянальных аддзелаў Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў выклікалі ў Савет бясьпекі і запатрабавалі любым чынам выбіць грошы з прадпрымальнікаў, каб запоўніць пусты бюджэт.

У такой сытуацыі наваполацкія чаўнакі, заўважым, людзі ў асноўным з вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, правялі два агульных сходы і адзінагалосна вырашылі: 1 студзеня распачаць страйк. Пры гэтым яны адкінулі прапанову калегаў зь іншага рэгіёну страйкаваць першых пяць дзён студзеня, бо гэта, на іхную думку, ня дасьць аніякага плёну, і вырашылі не выходзіць на працу да 16 студзеня.

Патрабаваньне, якое яны вылучылі, складаецца з аднаго сказу: "Спыніць апісаньне тавараў". Калі гэтае патрабаваньне ня будзе задаволенае, наваполацкія чаўнакі мерацца працягнуць страйк да канца студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG