Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2001 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускія пратэстанты асуджаюць пазыцыю Беларускай праваслаўнай царквы, якая дала ўзнагароды журналістам, што абражалі прыхільнікаў пратэстанцкіх цэркваў.

У Беларусі разгараецца чарговы скандал на рэлігійнай глебе. Беларускія пратэстанты выказваюцца супраць узнагародаў праваслаўнай царквы, якія тая дала журналістам, што, на думку пратэстантаў, варожа ставяцца да прыхільнікаў пратэстанцкіх цэркваў.

З ініцыятывы праўленьня Менскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы было ўзнагарождана 13 журналістаў. Сярод іх Ўладзімер Беклямічаў і Жана Шыманская зь Беларускага радыё, Вольга Ягорава з "Советской Белоруссіі", Раіса Ардынец зь "Вячэрняга Мінску" ды іншыя. Сьцьвярджаецца, што гэтыя 13 — найлепшыя, хто піша на тэмы праваслаўя.

Далі ўзнагароды таксама рэдактару "Народнай газэты" Міхаілу Шыманскаму, аглядальніцы гэтага ж выданьня Ніне Яновіч і вядомай радыёжурналістцы Ніне Чайцы. Гэтыя тры прозьвішчы ў сьпісе адзначаных граматамі і выклікалі абурэньне некаторых рэлігійных дзеячоў.

Сёньня інфармацыйны цэнтар "Свабода сумленьня" распаўсюдзіў адмысловае паведамленьне. Прадстаўнік Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў Герман Родаў заяўляе, што не разумее пазыцыі кіраўніцтва Беларускага экзархату. Спадар Родаў лічыць, што журналісты Шыманскі, Яновіч і Чайка насамрэч абражалі прадстаўнікоў пратэстанцкіх канфэсіяў, праз што й распальвалі міжканфэсійную варожасьць.

З гэтым меркаваньнем згодны пастар Царквы Ісуса Хрыста ў Менску Веніямін Брух. Згадваючы артыкул Ніны Яновіч у "Народнай газэце" пад назовам "Беларусі пагражае пэрспэктыва ператварыцца ў пратэстанцкую рэспубліку", спадар Брух сьцьвярджае, што матэрыял абразіў усіх вернікаў гэтай ды іншых пратэстанцкіх цэркваў. Узнагароду Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы журналістцы "Народнай газэты" і ейнаму непасрэднаму кіраўніку пастар уважае паказальнай:

"Сумна, што пазыцыі журналісткі і царквы супадаюць. Сумна, бо ўзьнікае нянавісьць да тых вернікаў, якія ходзяць не ў царкву, а ў малельныя дамы", — кажа пастар Веніямін Брух.

Ён адзначае, што гэта ня першая дэманстрацыя няроўнасьці рэлігіяў у сёньняшняй Беларусі. Летась Царква Ісуса Хрыста спрабавала судзіцца з журналісткай Яновіч і ейнай рэдакцыяй, але раённыя судзьдзі палічылі, што Яновіч сваімі выказваньнямі пратэстантаў не абразіла. Потым гэтае ж рашэньне вынес Менскі гарадзкі суд. Пастар менскае царквы Ісуса Хрыста Веніямін Брух з гэтае нагоды кажа:

"На нас навялі паклёп, падманулі людзей, і нават не даюць нам абараняць свайго гонару і годнасьці ў судзе. Дайшло да таго, што пратэстантаў абвінавачваюць ў палітычных дзеяньнях супраць уладаў і ў тым, быццам мы рыхтуем тут вайсковы захоп".

Прэсавы сакратар Менскае япархіі Аляксандар Петрашкевіч заявіў нашаму радыё, што "царква ня лічыць патрэбным камэнтаваць заявы ці пратэсты дзеячоў пратэстанцкіх цэркваў". Адказваючы на пытаньне, за што былі ўзнагароджаныя журналісты Шыманскі, Яновіч і Чайка, спадар Петрашкевіч сказаў, што "яны нам добра вядомыя як журналісты, якія шмат пішуць пра праваслаўе і аб'ектыўна асьвятляюць рэлігійную сытуацыю ў Беларусі".

XS
SM
MD
LG