Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2001 г.


Юры Сьвірко, Менск

А.Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Мадагаскару. Тым часам амэрыканскі амбасадар М.Козак чакае гэтае працэдуры з 20 кастрычніка.

Рэспубліка Мадагаскар, што займае вялікую выспу ў Індыйскім акіяне ля паўднёвага ўзьбярэжжа Афрыкі, мае чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг: наверсе гарызантальная чырвоная паласа, унізе зялёная, а зь левага боку — вэртыкальная белая (без арнамэнту).

Адметны й герб Мадагаскару. Гэта кола, уздоўж ніжняй часткі якога працягнуліся два каласкі. У цэнтры кола — геаграфічны контур межаў дзяржавы, ад якога ўверх адыходзяць промні.

У Мадагаскары дзьве дзяржаўныя мовы — малагасійская ды француская, і 6 вобласьцяў, якія там завуцца "фарытані". Парлямэнт дзьвюхпалатны: ніжняя палата — Нацыянальны сход — абіраецца наўпрост на 4 гады. Верхнюю — Сэнат — фармуюць прадстаўнікі рэгіёнаў, але частку сэнатараў наўпрост прызначае прэзыдэнт.

Кіраўнік дзяржавы абіраецца там на 5 гадоў. У 1995 годзе адбыўся рэфэрэндум, які пашырыў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Але ўжо ў наступным, 1996 годзе, прэзыдэнту Альбэру Зафі парлямэнт абвесьціў імпічмэнт, і той мірна пайшоў з пасады. Аднак мадагаскарская апазыцыя байкатавала апошнія парлямэнцкія выбары 1998 году.

Вось якая цікавая краіна прыслала Аляксандру Лукашэнку свайго амбасадара.

Нават прафэсійная дыктарка Беларускага тэлебачаньня зь цяжкасьцю вымавіла імя дыплямата:

"Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Мадагаскару ў Беларусі Андраманасі… ...манахісуа Нэльсана Віктора. Гэта першы пасол Мадагаскару ў нашай дзяржаве".

Відавочна, што з Мадагаскарам Беларусь мае значна больш агульнага, чым са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Ці плянуе спадар Лукашэнка прымаць даверчыя лісты ад амбасадара Козака? Пра гэта я спытаўся ў прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Паўла Латушкі:

(П.Латушка: ) "Я магу сказаць, што тэрмін уручэньня даверчых грамат амбасадарам Козакам узгадняецца".

(Карэспандэнт: ) "А чаму амбасадару Мадагаскара далі магчымасьць першым уручыць даверчыя граматы, хоць ён пазьней, здаецца, прыехаў?"

(П.Латушка: ) "Я не хацеў бы тут рабіць нейкія такія высновы, хто прыехаў пазьней ці раней. Я яшчэ раз скажу: уручэньне даверчых грамат спадаром амбасадарам было як бы ўзгоднена, была прапанова і другога боку, і граматы былі ўручаныя. Таму яшчэ раз хачу сказаць, што ўручэньне грамат амэрыканскім амбасадарам яшчэ знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня".

(Карэспандэнт: ) "Але ці можаце вы пацьвердзіць, што гэта адбудзецца да 14 студзеня, да навагодняга прыёму ў спадара Лукашэнкі?"

(П.Латушка: ) "Я нічога не хацеў бы ні пацьвярджаць, ні абвяргаць", — урэшце заявіў Павал Латушка, прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага ведамства.

Гэта значыць, што інтрыга вакол даверчых граматаў амбасадара ЗША ў Беларусі будзе працягвацца яшчэ немаведама колькі.

XS
SM
MD
LG