Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску хавалі вядомага беларускага мастака Генрыха Ціхановіча — сябра суполкі "Пагоня", аднаго з прадстаўнікоў славутай творчай дынастыі Ціхановічаў–Галубкоў. Мастак раптоўна пайшоў з жыцьця напярэдадні Новага году.

Няшчасьці апошнім часам перасьледуюць гэтую вядомую сям'ю. Летась, у сакавіку, у Гішпаніі трагічна загінуў 24-гадовы студэнт Барсэлёнскае мастацкае акадэміі Янка Ціхановіч, праўнук народнага артыста Беларусі Ўладзіслава Галубка. Гэтая сьмерць была моцным ударам для Янкавага дзеда, мастака Яўгена Ціхановіча, і асабліва для ягонага бацькі Генрыха.

Аўтар вядомай карціны "Бітва пад Воршай" ды іншых твораў, 63-гадовы Генрых Ціхановіч вельмі моцна перажываў сьмерць сына і ўрэшце 29 сьнежня раптоўна памёр ва ўласнай майстэрні. Падчас сёньняшняй грамадзянскай паніхіды ў менскім Палацы мастацтваў шмат добрых словаў пра творцу й беларускага патрыёта Генрыха Ціхановіча гаварылі ягоныя калегі — Аляксей Марачкін, Мікола Купава ды іншыя мастакі. А вось што згадаў пра Генрыха Ціхановіча ягоны блізкі сябра, прадстаўнік творчай суполкі "Пагоня" мастак Мікалай Назарчук:

"Ён напісаў карціну, якой з нашых мастакоў такога рангу ніхто не напісаў. Гэта "Бітва пад Воршай". Каб ён нават болей нічога й не зрабіў, ён увайшоў бы ў гісторыю беларускага мастацтва як мастак самага высокага рангу. Ён зь вельмі інтэлігентнай сям'і. Яго бацька Яўген Мікалаевіч Ціхановіч — мастак. Яго дзед па лініі мамы — вядомы беларускі артыст Галубок Уладзіслаў. Дзядзя ягоны, Валянцін Мікалаевіч, таксама быў мастаком. Сам Генрых вызначаўся высокай культурай — вельмі інтэлігентны, такая шляхецкая інтэлігентнасьць у яго была.

Мы доўга зь ім працавалі ў адным памяшканьні на Дзімітрава 3, у майстэрні, я яго добра ведаю і па інстытуце. Некалькі разоў мы езьдзілі зь ім на эцюды, як у нас, мастакоў, гэта называецца — выяжджалі на 10-12 дзён. Днямі пісалі работы, эцюды, перагаворваліся зь ім, раіліся, крытыкавалі адзін аднаго. Ён вельмі камунікабэльны чалавек, з пачуцьцём гумару. Я вельмі шкадую, што такія людзі, з гэткім мэнталітэтам адыходзяць ад жыцьця".

Сёньня ж Генрых Ціхановіч быў пахаваны на Паўночных могілках Менску.

XS
SM
MD
LG