Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2001 г.


Уладзімер Глод, Менск

Нягледзячы на словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Палата прадстаўнікоў другога скліканьня будзе першым у гісторыі Беларусі цалкам прафэсійным парлямэнтам, усё больш дэпутатаў шукаюць магчымасьцяў сумяшчаць парлямэнцкія абавязкі зь іншаю працай.

У апараце Савета міністраў Беларусі знаходзіцца на разглядзе праект новага структурнага складу ўраду. Паводле яго, урад прапануецца пашырыць, уключыўшы ў яго старшыню сьледчага камітэту пры Міністэрстве ўнутраных справаў і дырэктара дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Беларусі.

Падобна, што гэта не выпадковасьць, бо згаданыя пасады займаюць дэпутаты гэтак званай Палаты прадстаўнікоў Леанід Глухоўскі і Віктар Кучынскі. Абодва добра вядомыя сваёй прыхільнасьцю да Аляксандра Лукашэнкі.

Такое рашэньне (ўключэньне ў склад Савету Міністраў) адразу вырашыла б праблемы Глухоўскага і Кучынскага, паколькі артыкул 92 рэальна дзейнай Канстытуцыі дазваляе сумяшчэньне дэпутацкай дзейнасьці толькі сябрам ураду. І нікому больш.

Адзін з супрацоўнікаў ураду паведаміў мне, што, магчыма, у штаце Саўміну зьявіцца яшчэ адна новая пасада — старшыня дэпартамэнту мясцовага самакіраваньня пры прэзыдэнце. Цікава, што пакуль такога дэпартаменту нават не існуе, але зараз часта гавораць пра ягонае стварэньне. Магчыма, такім чынам яшчэ нехта з палатнікаў вырашыць свае праблемы.

Між тым, у кулюарах гэтак званай Палаты гавораць, што прыкладна два дзясяткі ейных сябраў зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю дазволіць ім сумяшчаць парлямэнцкую дзейнасьць з былымі пасадамі. Калі іхныя просьбы будуць задаволеныя, дык парушыцца канцэпцыя стварэньня цалкам прафэсійнага парлямэнту.

На вырашэньне праблемы працаўладкаваньня дэпутаты, згодна з законам, маюць тры месяцы. Адлік гэтага тэрміну, як удакладняюць юрысты, пачынаецца з 21 лістапада, калі адкрылася першая сэсія.

Такім чынам, палова тэрміну ўжо скончылася. Другая сэсія пачнецца 2 красавіка, і да гэтага часу ўсім дэпутатам трэба альбо стаць сябрамі ўраду, альбо пакінуць ранейшыя пасады, альбо здаць дэпутацкія мандаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG