Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2001 г.


Ігар Карней, Менск

Больш за 60 супрацоўнікаў "8 каналу" кабэльнага тэлебачаньня Менску з 1 студзеня зрабіліся беспрацоўнымі. Гэтак скончылася іхнае супрацьстаяньне ТАА "Сталічныя навіны".

На пераднавагодняй прэсавай канфэрэнцыі дырэктар "8 каналу" Пётар Чарнаморац выказваў упэўненасьць, што ўсё скончыцца пасьпяхова. Паводле закону, "8 канал" мог працаваць у ранейшым рэжыме прынамсі да 2004 году (менавіта да гэтага тэрміну дзейнічае ліцэнзія на права вяшчаньня). Аднак, насуперак аптымізму дырэктара, яшчэ 1 студзеня тэлевізійны сыгнал без усялякіх папярэджаньняў быў пераарыентаваны — яго атрымала студыя "СТВ" Менскага гарвыканкаму.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што гэта — пачатак інфармацыйнага ўплыву на самую "незгаворлівую" частку электарату — менскую інтэлігенцыю. Паводле зьвестак Міністэрства сувязі, сыгнал 8 каналу ахоплівае амаль 3,5 мільёнаў патэнцыйных гледачоў у Менску і вобласьці, а гэта траціна ўсяго насельніцтва. "8 канал" з прычыны сваёй апалітычнасьці і залежнасьці толькі ад прыватнага капіталу, відавочна, не адпавядаў мэце мабілізацыі насельніцтва дзеля патрэбнага ўладам выніку на хуткіх выбарах. Зусім іншая справа — "Сталічныя навіны", іх цалкам утрымліваюць улады, і грошы ідуць з гарадзкога бюджэту. Да таго ж, многія ведаюць кіраўніка "Сталічных навінаў", Рыгора Новікава, які ў свой час спрабаваў сілы ледзь не ва ўсіх рэспубліканскіх выданьнях, зрэшты, доўга нідзе не затрымліваючыся.

Не прэтэндуючы на лаўры вядомых тэлевізійнікаў, "СТВ" пачаў з рэтрансьляцыі расейскага каналу "RenTV", які зь нядаўняга часу падпарадкаваны кіраўніку расейскай электраэнэргетыкі Чубайсу. Астатняя, зусім нязначная частка эфіру, запоўненая даволі дзіўнымі па форме нарысамі тыпу "Мінск і мінчане". Што тычыцца навінаў сталіцы, то адсутнасьць глябальнасьці ў параўнаньні з БТ кампэнсуецца патэтыкай.

Адносна ж "8 каналу" многія лічаць, што немалая віна за паразу ляжыць якраз на заснавальніках. Кантрольны пакет акцыяў "8 каналу" апошнім часам належаў Яўгену Краўцову — банкіру, мэцэнату, вядомаму аматару мастацтва і заснавальніку студыі "Відэафакт". Аўтарытэт Краўцова падмацоўваецца цеснымі адносінамі з уплывовым расейскім "ОНЭКСИМ-банкам". Але, захапіўшыся шматпрофільнасьцю, Краўцоў рызыкуе згубіць усё паасобку. Другі гаспадар, дырэктар СП "Лада-ОМС" Аляксей Ваганаў, перажывае ня лепшыя часы разам зь няспраўджанай надзеяй беларускай эканомікі — прадпрыемствам "Форд-Юніён".

Уласна дырэктарат "8 каналу", які зьяўляецца (як і ўсе супрацоўнікі) выключна наёмнай сілай і ня мае дачыненьня да акцыяў, як высьветлілася, самастойна ня здольны супрацьстаяць палітычнай волі чынавенства. Адсюль і радыкальныя зьмены пад поўнае маўчаньне непераборлівае аўдыторыі.

Ужо перад эфірам стала вядома, што ранейшая частата ня будзе вернутая калектыву "8 каналу" ніколі. Магчымы, але малаверагодны варыянт, ужо агучаны ў Менгарвыканкаме, — калі пацярпеламу боку дадуць магчымасьць вяшчаць на іншай частаце. Пакуль жа становішча застаецца няпэўным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG