Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2001 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Трэці дзень агульнабеларускай акцыі пратэсту дробных гандляроў.

Як і напярэдадні, гандлёвыя плошчы большасьці рэчавых рынкаў краіны сёньня пуставалі. У Менску, напрыклад, у звычайным рэжыме працавалі на рынках толькі прадстаўнікі адміністрацыяў ды службаў аховы. З прадпрымальнікаў усяго некалькі чалавек зьявілася сёньня на самы буйны ў горадзе рэчавы рынак "Дынама", дзе адбыўся кароткі стыхійны мітынг. Гандляры спрачаліся па двох пытаньнях — працягласьць страйку ды ягоны зьмест.

Сталічныя прадпрымальнікі страйкуюць безь фінансавага ціску на ўлады. Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу рынку "Дынама" Юрась Грыгор'еў:

"У Менску сытуацыя складаней, таму ўсе менскія прадпрымальнікі будуць вымушаныя заплаціць і арэндныя платы, і ўсе фіксаваныя стаўкі. Наогул, бюджэт Менску усё роўна нічога ня траціць, калі мянчукі заплацяць свае стаўкі. Але вось па рэгіёнах стаўкі будуць ня ўсе праплочваць фіксаваныя Гэта вельмі моцна ўдарыць па фармаваньні бюджэтаў, асабліва бюджэтаў раённых".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі згуртаванымі выглядаюць прадпрымальнікі ў пытаньнях страйку?"

(Юрась Грыгор'еў: ) "Усе прадпрымальнікі трымаюцца думкі, што аніякія падвышэньні ставак нам не падыходзяць. Пры гэтым, пакуль усе заканадаўчыя акты ня дзеюць, прыкладна палова прадпрымальнікаў ня хоча ісьці на змаганьне: маўляў, пакуль нас не чапаюць, то й добра, а што далей — паглядзім. А во калі ўсё прымуць, дык і будзем страйкаваць".

Зрэшты, з боку гэнай пасіўнай часткі гандляроў пакуль што няма спробаў байкатаваць страйк. Паводле інфармацыі Страйкавага камітэту, прадпрымальніцкая акцыя пратэсту праходзіць згодна пляну. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё старшыня Страйкаму Валеры Леванеўскі:

"У цэлым па краіне, паводле нашых падлікаў, бярэ удзел у страйку больш за 200 тысяч чалавек. Зь іх 100 тысяч прадпрымальнікаў і крыху болей за 100 тысяч асобаў, што працуюць па найме. Агульнабеларуская акцыя будзе доўжыцца пяць дзён. Ня выключана, што ў шэрагу гарадоў яна будзе больш працяглай. Аднак, паводле апошніх зьвестак, сярод прадпрымальнікаў расьце колькасьць тых, хто меркаваў страйкаваць і два тыдні, але зараз зьбіраецца скараціць тэрмін.

Папярэдне я ацэньваю вынікі страйку на "выдатна". Мы прагназавалі, што колькасць страйкоўшчыкаў будзе ў 2 разы меншаю, паколькі было мала часу на падрыхтоўку акцыі. З другога боку, масавасьць сьведчыць пра тое, што ў цэлым беларускія прадпрымальнікі гатовыя адстойваць свае правы і інтарэсы", — лічыць Валеры Леванеўскі.

Масавы характар цяперашняй акцыі, на думку страшыні Страйкаму, дазваляе лідэрам прадпрымальнікаў зьмяніць формы дачыненьняў з уладамі. А менавіта: патрабаваць перамоваў. Дагэтуль дачыненьні з уладамі, кажа спадар Леванеўскі, абмяжоўваліся сустрэчамі і гутаркамі, якія не далі рады ніводнай зь цяперашніх надзённых праблемаў айчыннага дробнага бізнэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG