Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 студзеня 2001 г.


Ігар Карней, Менск

(эфір 30 сьнежня)
Ад раніцы Прывакзальны пляц сталіцы быў ачэплены міліцыяй. Узмоцненыя меры бясьпекі былі прымеркаваныя да адкрыцьця першай чаргі вакзальнага комплексу. На цырымонію прыбыў Аляксандар Лукашэнка.

Журналісты незалежных выданьняў назіралі за цырымоніяй здалёк — акрэдытацыя, як стала ўжо традыцыяй, праводзілася выбарча — у залежнасьці ад ляяльнасьці да ўладаў. Кіраўнік прэсавага цэнтру Беларускай чыгункі Ігар Пятроўскі паведаміў, што прынамсі ягоны сьпіс журналістаў быў жорстка раскрытыкаваны непасрэдным кіраўніцтвам. Вось як спадар Пятроўскі пракамэнтаваў сёньняшнюю падзею тым, хто апынуўся па-за мерапрыемствам:

"Пускаюць толькі першую чаргу, а шуму столькі, як быццам здаюць увесь комплекс. Столькі ўкладзена сілаў, такія вялізныя грошы, і пры гэтым усе разумеюць, што гэткі вялізны вакзал нікому не патрэбны. Шчыра кажучы, сам Лукашэнка да будоўлі мае даволі аддаленае дачыненьне. Яго адзіная заслуга, што ня даў даўгабуду пераўтварыцца ў руіны".

Калі праводзіць пэўныя аналёгіі, можна згадаць, што менскі мастак Волкаў адразу па вайне стварыў карціну "Сталін на руінах менскага вакзалу". Нягледзячы на тое, што ў жыцьці падобнага эпізоду не было, шмат хто мяркуе, што вакзал самым сваім існаваньнем можа пераўтварыць у руіны асобныя ведамствы. Са словаў аднаго з чыноўнікаў кіраваньня чыгункай, пасьля ўвядзеньня вакзалу ў эксплюатацыю ўся галіна будзе вымушаная працаваць на ўтрыманьне вялізных плошчаў — а гэта 360 тысячаў кубамэтраў прасторы. Пакуль на 80% фінансаваньне ідзе зь дзяржаўнага бюджэту, але па заканчэньні будаўнічых працаў усе выдаткі пяройдуць менавіта да чыгункі.

Але і без вакзалу чыгуначныя перавозкі цалкам стратныя. Людзі з-за надзвычайнай беднасьці ўсё радзей дазваляюць сабе падарожжы, а менавіта грошы ад рэалізацыі квіткоў складаюць асноўны прыбытак чыгункі ва ўсім сьвеце. Акрамя таго, візавы рэжым з большасьцю краінаў сьвету ды слабасьць турыстычнай галіны не даюць падставаў меркаваць, што ў пэрспэктыве да нас пацягнуцца турысты. Тым ня менш, як пахваліўся неяк Аляксандар Лукашэнка, нічога падобнага ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе няма. Можа таму, што няма такой і патрэбы. У гэтым сэнсе Лукашэнку параўноўваюць з маскоўскім мэрам Лужковым. Абодва схільныя да маштабных будоўляў і панаставілі помнікаў эпосе свайго кіраваньня.

Колькі выдаткавана на будыніну вакзала, можна казаць толькі прыблізна. Кошт сьметаў на 1991 год, калі быў зацьверджаны праект будоўлі, складаў 455 мільёнаў рублёў. Але інфляцыя ды марудныя тэмпы працы неаднаразова карэктавалі гэтую суму. Так, на першую чаргу вакзальнага комплексу да 2000 году было выдаткавана больш за 7 мільярдаў рублёў, а цягам 11 месяцаў гэтага году ўкладзена яшчэ амаль 15 мільярдаў. Сума далёка не апошняя, бо канчатковы тэрмін будоўлі зусім неакрэсьлены. Вядома толькі, што другая чарга менскага вакзалу будзе здадзеная недзе ў сярэдзіне 2001 году. Кажуць, што процьму грошай "зьесьць" унутранае аздабленьне памяшканьня, бо асноўныя кампанэнты набываюцца за мяжой.

Ва ўпраўленьні беларускай чыгунцы мне паведамілі, што Аляксандар Лукашэнка надзвычай задаволены тым, што ўбачыў і выказаў упэўненасьць, што вакзал апраўдае сябе на 100%. А якраз гэтымі хвілінамі, калі не адбылося нічога надзвычайнага, на пэроне менскага вакзалу маецца адбыцца яшчэ адна цырымонія. Кіраўніцтва беларускай чыгункі пад гукі аркестру будзе праводзіць ад новага вакзалу цягнік "Менск—Санкт-Пецярбург".

XS
SM
MD
LG