Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 студзеня 2001 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Менску на Паўночных могілках была пахаваная беларуская дзяячка Вера Цярлюкевіч.

Вера Цярлюкевіч памерла на рак у шпіталі 31 сьнежня. На разьвітаньне зь ёй прыйшлі прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партыяў, дзеячы мастацтва, рабочыя.

Вера Цярлюкевіч нарадзілася ў 1941 годзе на Гомельшчыне. Цяпер яе родная вёска ў выніку Чарнобыльскай катастрофы зруйнаваная. Спадарыня Цярлюкевіч стала вядомай на пачатку 90-х гадоў. Яна ўдзельнічала ў арганізацыі страйкаў на трактарным заводзе, дзе працавала ў ліцейным цэху. Выходзіла на менскія вуліцы разам з рабочымі. У многіх газэтах можна было ўбачыць здымкі з выявай Веры Цярлюкевіч падчас разгону мітынгаў ці дэманстрацый.

Сёньня на жалобным мітынгу было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў і шмат прамоўцаў. Сярод іх Юры Хадыка, Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў, Вінцук Вячорка, Валер Буйвал, Міхаіл Чыгір, Вячаслаў Сіўчык, рабочыя трактарнага завода і іншыя.

Гаворыць прафесар Юры Хадыка:

(Хадыка: ) "Спадарыня Вера была сьмелым, чыстым і свабодным чалавекам. І гэтае пачуцьцё духоўнай свабоды давала ёй сумленна пражытае жыцьцё, яе любоў да Бацькаўшчыны, вера ў яе сьветлую будучыню. Бясконца цяжка разьвітвацца з такім акрыленым, высакародным чалавекам, якім была Вера Максімаўна".

Валянцін Голубеў:

(Голубеў: ) "Я спадарыню Веру першы раз убачыў, калі пачаліся вось тыя страйкі, пра якія гаварылі. Гэта першая, магчыма, жанчына-рабочая, не палітык, з простых, якая пайшла на трыбуну, не пабаялася тады сказаць сваё "не". За жыцьцё простых людзей, за сваю краіну. Вера, ты застаесься ў нашых душах, і я знаю, што ты хочаш, каб мы сказалі: Жыве Беларусь!"

Падчас пахаваньня Веры Цярлюкевіч на могілках хавалі нейкага вайскоўца. Праз невялічкую мяжу стаялі два натоўпы – адзін з бел-чырвона-белымі сьцягамі, другі – з чырвона-зялёным. Калі ў адным засьпявалі "Магутны Божа", у другім – ваенны аркестар грымнуў дзяржаўны гімн. Сьвятары перахрысьціліся, прамовіўшы: "Перад Богам усе роўныя".

XS
SM
MD
LG