Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 2000 г.


Сяргей Дубавец, Вільня

Перадачу "Вострая Брама. Беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў" прадстаўляе аўтар – Сяргей Дубавец.

Традыцыйная штонядзельная перадача Радыё "Свабода" пра беларускі сьветапогляд і тайныя спружыны культуры выходзіць у эфір у трэцім тысячагодзьдзі.

Мы шукаем сваё. Ясна, чаму свая – маці, свой – дом, свой – хлеб. Маці – бо нарадзіла, дом – бо жывеш у ім, хлеб – бо здабыты сваімі рукамі. А чаму свая – краіна, свая – нацыя, свая – Вільня? Кожнага разу вытлумачэньне можа быць іншым. Я і ты перажываем падобныя адчуваньні, чытаючы гэтую кнігу, разглядаючы гэты будынак, пачуўшы гэтую зьвестку. Культурны кантэкст – гэта наша нацыянальная агульнасьць і наша радзіма. Мы глядзім на рэчы праз атвор Вострае Брамы, сьвятое для беларусаў усіх часоў і вызнаньняў. І адразу бачым, што сваё, а што не, што кладзецца ў наш культурны кантэкст, а што зь яго выпрадае.

Стары Новы год мы сустрэнем у Каралішчавічах пад Менскам. Забыты адрас беларускай культуры. Мы наведаем колішні Дом творчасьці пісьменьнікаў разам з Рыгорам Барадуліным. Да каляднага вогнішча зьбіраюцца цені культурных герояў.

А вось ніжагародзкі дом, у якім Максім Багдановіч з кніжак вывучаў родную мову. Усё на гэтай вуліцы засталося бязь зьменаў – як тады. Расейская імпэрыя, купецкі Ніжні Ноўгарад, вуліца Канатная...

Постаці пісьменьніка Васіля фон Роткірха і вандроўнага паэта Яцка Крышталевіча, літаратара і дыплямата Оскара Мілаша з Чарэі ды шмат каго яшчэ мы працягваем разглядаць праз атвор Вострае Брамы.

Як сучасныя беларускія мастакі розных канфэсіяў бачаць і малююць Хрыста? Як спрабавалі, пракапаўшы канал з Дняпра да Нёмна, ператварыць Эўропу ў востраў.

Няма закрытых тэмаў для пошуку беларускага культурнага кантэксту на мяжы стагодзьдзяў. Цікавасьць выклікае ўсё, што наша і што блізкае або карыснае нам. Усё іншае выглядае недарэчна або, найчасьцей, проста ператвараецца ў пустату ў атворы Вострае Брамы.

XS
SM
MD
LG