Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 2000 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

"Верш на Свабоду" прадстаўляе Аляксандар Лукашук.

Свабода – гэта мова, на якой Бог гаворыць з чалавекам, а чалавек – з Богам.

На пачатку новага стагодзьдзя мы зьвяртаемся да нашых слухачоў – усіх, хто даражыць свабодай, любіць вольнае слова, стварыць новую анталёгію вершаў пра свабоду, за якую беларусы змагаліся ў мінулыя вякі, безь якой немагчыма годна ўвайсьці ў ХХІ стагодзьдзе.

Беларуская традыцыя верша на свабоду запачаткаваная Алаізай Пашкевіч, якая ў 1905годзе напісала "Хрэст на свабоду"; у сярэдзіне стагодзьдзя пазыўныя Беларускай службы радыё "Вызваленьне" адкрываліся радкамі Янкі Купалы "Свабоднае слова ты, роднае слова!". Зь беларускіх вершаў пра свабоду і волю напэўна можна скласьці годную анталёгію.

Аднак хаця свабода – каштоўнасьць пазачасовая, кожны час, кожны народ мае свае вызначэньні.

Музыка, якая гучыць у перадачы, належыць Джузэпэ Вэрдзі – 2001 год, калі мінае сто гадоў з дня сьмерці кампазытара, абвешчаны ААН годам Вэрдзі. Сюжэт опэры "Набука" – пошук радзімы і свабоды, блізкі любому беларусу.

Увесь 2001-ы год у праграме "Верш на свабоду" будуць гучаць новыя творы, напісаныя у наш час, нашымі сучасьнікамі, суайчыньнікамі і эмігрантамі спэцыяльна для гэтай перадачы.

Ужо напісалі ці пагадзіліся напісаць верш на свабоду знакамітыя беларускія паэты розных пакаленьняў – Рыгор Барадулін і Славамір Адамовіч, Ніл Гілевіч і Лера Сом, Васіль Зуёнак і Адам Глёбус, Сяргей Грахоўскі і Валянціна Аксак, Леанід Галубовіч, Алесь Чобат, Віктар Шніп, майстры і пачаткоўцы, беларускія паэты Беласточчыны і рускамоўныя паэты Беларусі – дарэчы, напісаць на мове краіны, дзе ты жывеш, хоць адзін верш – даўняя інтэрнацыянальная традыцыя паэзіі.

Паэзія – мова магіі, якая чаруе і пераўтварае рэчаіснасьць.

Увесь год магутныя радыёперадатчыкі будуць выпраменьваць у прастору верш на свабоду – сыгнал будзе ўздымацца да іанасфэры, адбівацца назад на зямлю, ізноў выпраменьвацца ў неба, ізноў вяртацца на зямлю і так аблятаць усю плянэту, прасякаючы кожны лісток кожнага дрэва, кожную хвалю кожнай рэчкі, кожнае сэрца – кожны дзень.

ПРА СВАБОДУ – НА СВАБОДЗЕ – ДЗЕЛЯ СВАБОДЫ!

XS
SM
MD
LG