Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

На Блізкім Усходзе новая хваля гвалту: выбухнулі бомбы тэрарыстаў у Газе і Тэль-Авіве.

У адказ прэм'ер-міністар Ізраілю Эгуд Барак даў загад войску зноў заблякаваць Заходні бераг ракі Ярдан і сэктар Газа. Ён таксама адмовіўся накіравацца ў Эгіпет на перамовы зь лідэрам палестынскай аўтаноміі Ясірам Арафатам з мэтай абмеркаваньня амэрыканскага мірнага пляну.

Адкладзеная на неакрэсьлены тэрмін сустрэча паміж Баракам і Арафатам, якая плянавалася ў гэты ўікэнд у Вашынгтоне. Некаторыя палітычныя камэнтатары адзначаюць, што Арафат сваёй нягнуткай пазыцыяй хоча вымусіць Барака яшчэ на некалькі саступак.

Іншыя мяркуюць, што Арафат псыхалягічна не гатовы да заканчэньня канфлікту, хаця і разумее, што ў выніку перамогі на выбарах у Ізраілі правага лідара Арыэля Шарона дамовіцца зь ім будзе значна цяжэй.

Саміт у Шарм- аль- Шэйху паміж Арафатам і Баракам, які павінен быў адбыцца заўчора, быў адменены пасьля таго, як палестынцы накіравалі Клінтану ліст, у якім было столькі пярэчаньняў, што Вашынгтон не ўспрыняў іх сур'ёзна.

Прэзыдэнт Клінтан пракамэнтаваў гэта наступным чынам.

(Клінтан: ) "Яны добра мяне разумеюць. Абодва бакі добра разумеюць, што я ім прапаную. Яны добра ведаюць, што ім трэба зрабіць і чаго дастаткова менавіта цяпер".

Што тычыцца далейшай адтэрміноўкі канчатковага пагадненьня, Клінтан падкрэсліў:

(Клінтан: ) "Застаецца мала часу, мінулыя некалькі месяцаў прадэманстравалі, што з часам ня робіцца лягчэй, і з кожнай адтэрміноўкай робіцца толькі горш".

Ізраільскі Габінэт міністраў прыняў выразнай бальшынёй галасоў (10 да 2) прапановы Клінтана. Але як толькі стала вядома пра палестынскі ліст Клінтану, Барак адмовіўся ад удзелу ў перамовах у Эгіпце. Не згадзіўся ён і на прапанову эгіпецкага прэзыдэнта Мубарака, які запрасіў яго на перамовы ў Каір, дзе ўчора знаходзіўся Арафат.

Між тым ізраільская газэта "Ёдыёт ахранот" надрукавала на сваіх старонках падрабязнасьці амэрыканскага мірнага пляну. Паводле яго, Клінтан прапануе ізраільцянам вызваліць 96% тэрыторыі Заходняга берагу ракі Ярдан і ўсю тэрыторыю сектару Газа. Страты палестынскай тэрыторыі будуць кампэнсаваныя ім часткай тэрыторыі Ізраілю ў пустэльні Негеў. Прыблізна 80% яўрэйскіх пасяленцаў на Заходнім беразе ракі Ярдан будуць пераселеныя на тэрыторыі каля так званай "зялёнай лініі". Эвакуацыя гэбрайскіх пасяленцаў расьцягнецца на тры гады.

Галоўным элемэнтам пляну Клінтана будзе ўвод на палестынскую тэрыторыю міжнароднага міратворчага вайсковага кантынгэнту, які будзе гарантам міру. Ізраіль захавае на мяжы з Ярданіяй тры станцыі раньняга папярэджаньня.

У найбольш спрэчнай справе Ерузаліму Клінтан прапануе ўсталяваньне ізраільскага кантролю над кварталамі, дзе цяпер жывуць гэбраі і над гэбрайскімі сьвятымі мейсцамі і перадачу пад палестынскі кантроль арабскіх раёнаў, мусульманскіх і хрысьціянскіх сьвятых месцаў, а таксама Храмавай гары, на якой знаходзіцца вядомая мячэць Аль-Акса.

Прэзыдэнт ЗША прапануе прызнаць права палестынскіх уцекачоў на вяртаньне на бацькаўшчыну, але не ў Ізраіль, а на тэрыторыю палестынскай дзяржавы.

Удзельнік ізраільскай дэлегацыі на нядаўніх перамовах з палестынцамі каля Вашынгтону Навум Барнеа распавёў, што прапануючы свой плян, Клінтан заявіў: "Калі я пакіну маю пасаду, усе мае ідэі адыйдуць са мной. І вам усё прыдзецца пачынаць ад пачатку."

XS
SM
MD
LG