Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Працягваецца падрыхтоўка да агульнанацыянальнага страйку гандляроў рэчавых кірмашоў. Пакуль што ўлады не рэагуюць на патрабаваньні прадпрымальнікаў.

Сёньня сябры Страйкавага камітэту прыватных прадпрымальнікаў і прафсаюзныя актывісты займаліся інфармаваньнем гандляроў пра прызначаную на студзень акцыю пратэсту. Як паведаміў нашаму радыё каардынатар акцыі Леанід Каліценя, адметнасьць акцыі ў тым, што вядомая на сёньняшні дзень толькі дата пачатку страйку. Гандляры зьбіраюцца распачаць яго 1 студзеня.

Вось што распавёў нашаму радыё наконт прычынаў прадпрымальніцкай акцыі пратэсту лідэр Свабоднага прафсаюзу сталічнага кірмашу "Стадыён "Дынама" Юрась Грыгор'еў:

(Грыгор'еў: ) "Улады зьбіраюцца ўвесьці дэкрэт аб адзіным падатку, які будзе ўтрымліваць у сабе павялічаныя фіксаваныя стаўкі. Гэта нас надта не задавальняе, бо зараз мы і так знаходзімся ў вельмі жорсткіх прававых рамках – ад прадпрымальнікаў патрабуюць процьму розных дакумэнтаў. Нас таксама спрабуюць прымусіць аплочваць мытнае афармленьне за тавары, якія ўвозяцца з тэрыторыі Расеі і трэціх краінаў. Але пры гэтым сама працэдура мытнага афвармленьня даволі складаная: трэба будзе зьбіраць папераў, што простаму прадпрымальніку зрабіць проста не пад сілу".

Паводле Юрася Грыгор'ева, "дынамаўцы" маюць намер не выходзіць на працоўныя месцы 5 дзён. 6-га ж студзеня страйк на кірмашу "Дынама", як зазначыў кіраўнік мясцовае суполкі Свабоднага прафсаюзу, мяркуецца скончыць. Такое ж думкі прытрымліваюцца й гандляры іншых рэчавых кірмашоў Менску.

Інакш складваецца перадстрайкавая сытуацыя ў правінцыі. Паводле інфармацыі сяброў Страйкавага камітэту, там прафсаюзныя лідэры настойваюць на больш працяглай акцыі пратэсту. Гаворыць каардынатар акцыі Леанід Каліценя:

"Некаторыя рэгіёны яшчэ праводзяць сходы — вырашаюць: страйкаваць два тыдні ці меншы тэрмін. Чаму сталічныя прадпрымальнікі настойваюць на 5-дзённым тэрміне? А таму, што ў Менску ўплата падаткаў гандлярамі зьвязаная з уплатаю арэндных плацяжоў. З гэтага вынікае, што, калі прадпрымальнік разьлічыцца за "арэнду", але ня выплаціць падатку, супраць яго могуць быць ужытыя жорсткія фінансавыя санкцыі. Калі ж гандляр не ўнясе арэндныя плацяжы — таксама могуць быць сур'ёзныя наступствы. Рэч у тым, што, з-за недахопу ў Менску арэндных плошчаў, страта "арэнды" будзе азначаць для іх практычна страту "арэнднага" месца", — патлумачыў Леанід Каліценя.

Паводле ягоных словаў, улады на сёньняшні дзень афіцыйна ніяк не адрэагавалі на маючы адбыцца страйк прадпрымальнікаў. З боку ўрадавых структураў пакуль не паступала зьвестак ні пра разгляд патрабаньняў гандляроў, ні, тым больш, пра іх станоўчае вырашэньне. Дадзенае на гэтым тыдні міністрам прадпрымальніцтва ды інвэстыцыяў Анатолем Скорбежам абяцаньне ўрэгуляваць канфлікт з прадпрымальнікамі да навагодніх сьвятаў застаецца нявыкананым.

XS
SM
MD
LG