Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў

Крычаўскі райвыканкам патрабуе прадаставіць "сьпісы асобаў, якія апазыцыйна настроеныя ў адносінах да палітыкі, што праводзіць Аляксандар Лукашэнка".

"У гэтыя сьпісы, – тлумачыцца ў дакумэнце, – павінны ўвайсьці сябры апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў, а таксама тыя людзі ў працоўных калектывах, якія публічна крытыкуюць дзяржаўны лад Рэспублікі Беларусь".

Такую інфармацыю ў месяцовы тэрмін трэба прадаставіць Зінаідзе Скачковай – намесьніцы старшыні Крычаўскага райвыканкаму па ідэалёгіі, якая, дарэчы, адначасова ўзначальвае і мясцовую арганізацыю Камуністычнай партыі беларускай.

Копіі гэтага дакумэнту, паводле галоўнага рэдактара газэты "Вольны горад", рэдакццыя атрымлівала ад сваіх ананімным добразычліўцаў цягам цэлага тыдня – і па пошце, і факсам. Сяржук Няроўны падкрэсьлівае, што ў супрацоўнікаў выданьня няма сумненьняў у сапраўднасьці гэтага ідэалягічнага ліста. Таксама ён паведаміў, што некаторыя крычаўскія начальнікі ў прыватьных гутарках сарамліва прызнаюць, што ім загадалі скласьці сьпісы грамадзянаў, якія не сымпатызуюць Аляксандру Лукашэнку.

Нагадаем, што некалькі месяцаў таму Крычаўскі райвыканкам – у асобе Зінаіды Скачковай – запатрабаваў у кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў стварыць адмысловыя камісіі з тых супрацоўнікаў, якія найбольш спачуваюць сёньняшняй уладзе. А новыя захады па вызначэньні апазыцыянэраў – гэта толькі працяг, які, паводле самога дакумэнту, тлумачыцца прэзыдэнцкімі выбарамі, якія хутка маюць адбыцца.

Супрацоўнікі ўпраўленьня інфармацыі Магілеўскага аблвыканкаму яшчэ мінулым разам настойвалі на тым, што такія рашэньні ніколі не прымаліся на ўзроўні вобласьці, а таму гэта асобная ініцыятыва Крычаўскага райвыканкаму. Газэта "Вольны горад" называе гэта заняпадам крычаўскай дэмакратыі.

XS
SM
MD
LG