Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня газэта "Наша свабода" выйшла зь белымі плямамі на чатырох палосах. Дзяржкамдрук фактычна забараніў друкарні "Мэджык" публікаваць другі нумар сатырычнага дадатку "Стынгер".

Учора, калі пераднавагодні нумар "Нашай свабоды" быў ужо амаль зьвярстаны, намесьніка генэральнага дырэктара друкарні "Мэджык", у якой друкуецца газэта, Сьцяпана Жарнасека раптоўна выклікалі ў Дзяржаўны камітэт друку. Чыноўнікі заявілі спадару Жарнасеку, што рэдакцыя "Нашай свабоды" й "Мэджык" парушылі закон аб друку, падрыхтаваўшы й надрукаваўшы на мінулым тыдні першы нумар укладнога дадатку "Стынгер".

На думку чыноўнікаў, гэты дадатак мае ўсе прыкметы асобнага выданьня (парадкавы нумар, назва й г.д.) і мусіць быць зарэгістраваны ў Дзяржаўным камітэце друку. Прадстаўнікі камітэту таксама паведамілі Сьцяпану Жарнасеку, што калі другі намар "Стынгеру" будзе надрукаваны, "Мэджык" можа быць пазбаўлены выдавецкае ліцэнзыі.

Гаворыць Сьцяпан Жарнасек:

"Мы даем фармальную падставу, ня кажучы ўжо пра афіцыйную нагоду, каб у нас забралі ліцэнзыю. Мы вырашылі не даваць падставы, каб забралі ліцэнзыю нашае друкарні, якая друкуе ўсю незалежную прэсу, (ня толькі менскую, але й рэгіянальную), і не пайшлі на гэта", — паведаміў нашаму радыё спадар Жарнасек.

Намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту друку Ўладзімер Глушакоў лічыць, што рэдакцыя "Нашай свабоды", сапраўды, парушыла закон, але на пытаньне "Чаму чыноўнікі не папярэдзілі газэту, а пачалі ціснуць на друкароў?" — адказу даць гэтак і ня здолеў. Нагадаем, што белых плямаў на старонках беларускіх выданьняў не было са сньежня 1994 году, калі шэраг газэтаў вышлі з пустымі палосамі на знак пратэсту супраць загаду адміністрацыі прэзыдэнта не друкаваць даклад дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Антончыка пра карупцыю ў вышэйшых эшалёнах улады.

Прадстаўнікі рэдакцыі "Нашай свабоды" лічаць, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады вынайшлі новы спосаб ціску на недзяржаўныя газэты. У рэдакцыйнай калёнцы, зьмешчанай над белымі плямамі, сьцьвярджаецца, што чыноўнікі Дзяржаўнага камітэту друку вырашылі аказваць ціск на рэдакцыі не безпасярэдне, а праз супрацоўнікаў недзяржаўнае друкарні, прымушаючы іх выконваць функцыі цэнзараў.

Якія ж матэрыялы сатырычнага дадатку гэтак напалохалі ўлады? Гаворыць галоўны рэдактар "Нашай свабоды" Павал Жук.

(Жук: ) "Убачылі для сябе нейкую небясьпеку. Пагатоў за дзень да таго адбылася ідэалягічная нарада, якую праводзіў Лукашэнка, і там, я думаю, гэтае пытаньне было закранутае. І ў дадзеным выпадку выразна бачна – супраць каго накіраваны гэты "Стынгер". Асабіста я анічога кепскага ў гэтым нумары ня бачу, гэтак жа ня бачу і чагосьці такога, што раней не друкавалася".

Першы нумар сатырычна-гумарыстычнага дадатку "Стынгер" зьявіўся на мінулым тыдні. Такую назву выданьню далі не выпадкова. Узгадалі словы расейскага палітыка Ўладзімера Жырыноўскага, які некалі сказаў, што беларусаў выратуе або снайпэр, або ракета "Стынгер". Вось і вырашылі журналісты даць чытачам своеасаблівага сатырычнага "выратавальніка" ад сумнага жыцьця ў аўтарытарнай краіне. У першым дадатку былі зьмешчаныя сатырычныя артыкулы, карыкатуры, фэльетоны, анэкдоты пра цяперашнюю беларускую рэчаіснасьць і нават байка Кандрата Крапівы пад назваю "Мандат".

Але новых карыкатураў, памфлетаў, працягу паэмы "Новая беларуская Гаўрыліяда", байкі Кандрата Крапівы "Плывец" ды шмат чаго іншага, чытачы "Нашай свабоды" так і не пабачылі. Праўда, галоўны рэдактар газэты Павал Жук гаворыць, што ў наступным годзе рэдакцыя знойдзе магчымасьць выдаваць сатырычны дадатак.

А вось меркаваньне віцэ-прэзыдэнта Беларускай Асацыяцыі журналістаў Эдуарда Мельнікава:

(Мельнікаў: ) "Наша свабода" набірае моцы ад нумара да нумара. Таму што яна робіцца разнастайнай крыніцай інфармацыі, у газэце практыкуецца новая журналісцкая падача інфармацыі, і таму зразумела, чаму ўлады занепакоіліся. Няма ніякага сумневу, што гэтая акцыя мае палітычны характар".

Паводле ягоных словаў, у бліжэйшы час кіраўніцтва БАЖ выступіць са спэцыяльнай заяваю з нагоды зьяўленьня белых плямаў, а таксама паведаміць пра гэты факт у міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG