Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Не дачакаўшыся выплаты заробку за лістапад, напярэдадні Новага году каля тысячы рабочых Магілеўскага аўтазаводу выйшлі на вуліцу і спынілі рух транспарту, пасьля чаго запазычанасьць была зьліквідаваная.

Учора, 28 сьнежня, аўтазаводзкае радыё абвесьціла, што заробак можна атрымаць менавіта ў гэты дзень. Аднак, калі пасьля працоўнага дня рабочыя падыйшлі да ашчадных касаў, дык грошы ім ня выдалі. Супрацоўнікі ашчадных касаў патлумачылі, што аўтазавод яшчэ не пералічыў гэтыя грошы.

Пэўны час рабочыя чакалі. Першымі ня вытрымалі жанчыны, якія ініцыявалі выступленьні. Яны, падштурхоўваючы мужчын, крычалі: "Будзьце хоць тут мужчынамі – ня ўсё ж вам піць гарэлку…" Супрацоўнікі міліцыі абмежаваліся толькі назіраньнем, здымаючы ўдзельнікаў акцыі на відэакамэру.

Цягам некалькіх гадзінаў, ужо адвячоркам, людзі стаялі й выгуквалі: "Грошы – сёньня!" Яны казалі пра невыкананьне абяцаньняў з боку вабласных кіраўнікоў і прадпрыемстваў. Як вядома, старшыня аблвыканкаму Барыс Батура афіцыйна заявіў, што заробкі за лістапад і сьнежаньскі аванс усе працаўнікі бюджэтнай сфэры Магілеўшчыны атрымаюць напярэдадні Новага году. Такое ж абяцаньне даў прызначаны на гэтым тыдні новы дырэктар прадпрыемства Міканор Міхайловіч, які працаваў дагэтуль першым намесьнікам старшыні гарвыканкаму. Спачатку адміністрацыя аўтазаводу абяцала зьліквідаваць запазычанасьці ў панядзелак, потым у аўторак, а затым у сераду.

І тут рабочыя згадалі прыклад сваіх калегаў з аб'яднаньня "Хімвалакно". Як вядома, тыя здолелі атрымаць заробак толькі пасьля таго, як перакрылі транспартны рух. Відаць, гэты прыклад і падштурхнуў работнікаў аўтазаводу да выхаду на вуліцу. Да працоўных выходзіў новы дырэктар заводу, які паабяцаў выплаціць заробак 29 сьнежня. Удзельнікі акцыі пратэсту пагадзіліся вызваліць вуліцу, аднак папярэдзілі, што калі гэтае абяцаньне ня будзе выкананае 29 сьнежня, дык яны ізноў, але ўжо на больш працяглы час, спыняць рух грамадзкага транспарту.

Невядома – ці паўплывала гэтая пагроза, ці не, але грошы знайшліся. Тым ня менш, сытуацыя застаецца напружанай на іншых прадпрыемствах і ва ўстановах вобласьці. Нягледзячы на абяцаньне Барыса Батуры, працоўным яшчэ ня выплачаныя заробкі за лістапад і сьнежаньскі аванс у памеры 1 млрд беларускіх рублёў.

XS
SM
MD
LG