Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Разам з надыходам Новага Году зноў ажывіліся спрэчкі вакол таго, ці Трэцяе Тысячагодзьдзе пачалося ўжо 12 месяцаў таму, ці будзем яго сустракаць 1-га студзеня 2001-га году. У гэтай перадачы мы спрабуем прадставіць аргумэнты абудвух бакоў.

Год таму канец сьнежня 1999-га быў ўнікальным пэрыядам, калі, бадай, упершыню ў гісторыі ў сьвеце назіралася амаль поўная аднадумнасьць адносна датаў і ўнівэрсальнага календару. Аднак, існуе ў сьвеце значная меншасьць, якая лічыць, што трэцяе тысячагодзьдзе пачнецца 1-га студзеня 2001-га году. І адзін і другі бок ужываюць моцныя аргумэнты, і для пацьверджанья свайго пункту погляду абодва яны зьвяртаюцца да падзеяў 6-га стагодзьдзя нашай эры.

Паводле гісторыкаў, менавіта тады, у 6-м стагодзьдзі, першагіерах заходняга рымска-каталіцкага касьцёлу Папа Ян папрасіў вучонага манаха Дзяніса, званага "Кароткім", вылічыць дакладную дату Вялікадня, дня Уваскрасеньня Хрыстовага.

У адпаведнасьці зь Бібліяй і гэбрайскай Пасхай, Вялікдзень заўсёды павінен выпадаць на пэрыяд з 22-га сакавіка па 25-га красавіка. Гэта мусіла быць у першую нядзелю пасьля поўні, якая супадае зь веснавым раўнадзенствам, альбо як мага бліжэй гэтай даты.

Дзяніс вылічыў таксама дату нараджэньня Хрыста і пасьля гэтага, для азначэньня хрысьціянскай эры, кожны чарговы год называўся " Анно Доміні (Год Гасподні)- такі альбо такі. Зьмена была фундамэнтальная, паколькі дагэтуль вельмі часта гады называлі паводле іншых крытэрыяў, напрыклад: " пятнаццацы год панаваньня імпэратара Тыверыя".

Пазьней навукоўцы прыйшлі да высновы, што Дзяніс памыліўся, і што Хрыстос нарадзіўся раней, недзе паміж трэцім і шостым годам да пачатку новай эры. Аднак, гэтае адкрыцьцё нічога не зьмяніла і дзянісавае летазьлічэньне прынялося ў большасьці хрысьціянскіх краінаў.

Затое разыходжаньні засталіся ў іншым – у тым, калі пачынаецца новы год. Бальшыня хрысьціянскіх краінаў лічылі і лічаць да сёньняшняга дня пачаткам году 1-га студзеня, аднак у некаторых краінах гэта было 25-га сьнежня, 1-га, 25-га сакавіка альбо-нават ў палове лета, як гэта было ў Афінах. Зразумела, адрозьненьні былі і ў нехрысьціянскім сьвеце. У гэбраяў кожны год пачынаўся 10-га верасьня, а ў мусульманаў – у ліпені.

Ажно цягам 16-ці стагодзьдзяў ва ўсім хрысьціянскім сьвеце паўсюдна ўжываўся гэтак званы " юльянскі" календар, устаноўлены Юліем Кесарам 40 гадоў да нараджэньня Хрыста. Аднак, у параўнаньні з астранамічным годам, ён быў недасканалы, і кожныя 128 гадоў у ім прыбываў адзін дзень. На практыцы, гэта азначала, што праз некалькі тысячаў гадоў, Раство Хрыстовае выпала б улетку.

У 16-м стагодзьдзі розьніца ўжо склала 11-ць дзён. У сувязі з гэтым, ў 1582-м годзе, Папа Грыгорый даручыў астраному-езуіту Хрыстафору Клавюсу выправіць юльянскі календар. У выніку зьявіўся новы календар, які пачаў называцца "грыгарыянскім". У ім, адразу пасьля чацьвяргу 4-га кастрычніка наступіла пятніца 15-га кастрычніка. Адначасова, новы год пачаў выпадаць дакладна 1-га студзеня.

Новы, грыгарыянскі каляндар, хаця і значна болей дакладны за юльянскі, аднак, па-за каталіцкаім касьцёлам разпаўсюджваўся паступова. Ангельскія калёніі ў Амэрыцы прынялі гэтак званы " новы стыль" толькі ў 1752-м годзе. Расея прыняла грыгарыянскі каляндар ў якасьці дзяржаўнага толькі пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1918-м годзе.

У 20-я гады, быў апрацаваны яшчэ больш дакладны, гэтак званы " нэа-юльянскі" календар, хаця яшчэ цягам 800 гадоў ён будзе супадаць з грыгарыянкім календаром. Яго прынялі некаторыя праваслаўныя цэрквы, напрыклад – у Г рэцыі, Баўгарыі і Румыніі. Юльянскі каляндар, як нібыта больш адпаведны праваслаўным традыцыям, аднак затое малапрактычны ў паўсюдзённым жыцьці, застаўся таксама ў праваслаўных цэрквах Беларусі і Расеі.

Што тычыцца спрэчак пра пачатак тысячагодзьдзя, дык яны пачаліся ўжо сто гадоў таму. Напрыканцы сьнежня 1899-га, Папа Лявон, расейскі цар Мікалай і амэрыканская газэта New York Times пагадзіліся ў тым, што новае стагодзьдзе пачнецца 1-га студзеня 1901-га году.

Аднак, іншыя ўплывовыя людзі і ўстановы, у тым ліку нямецкі кайзэр Вільгэльм настоўвалі на тым, што 20-е стагодзьдзе пачнецца 1-га студзеня дзьвюхтысячнага году. У адказ амэрыканская газэты зьедліва пісала, што кайзэр – адзін з нешматлікіх высокапастаўленых людзей ў сьвеце, які ня ўмее лічыць да ста.

Што тычыцца Трэцяга Тысячагодзьдзя, дык пераважная большасьць насельніцтва сьвету ўжо ўхваліла дзьвюхтысячны год ў якасьці пачатку 21-га стагодзьдзя. Нязгодныя з гэтым многія навукоўцы і аўтарытэтныя ўстановы ды выданьні – як, хаця б, Брытанская Энцыкляпэдыя, Міжнародны Слоўнік Уэбстэра, альбо Каралеўская Грынвіцкая Абсэрваторыя ў Лёндане. Яны цьвердзяць, што новае стагодзьдзе і тысячагодзьдзе пачнуцца дакладна 1-га студзеня 2001-га году. Іхны аргумэнт наступны: не бывае нулявога году, і адпаведна стагодзьдзе ні ўякім разе ня можа налічваць 99-ць гадоў, а тысячагодзьдзе – 999-ць гадоў.

Адным з гарачых прыхільнікаў таго, што новае тысячагодзьдзе пачнецца з 2001-га году, зьяўляецца вядомы пісьменьнік Артур Кларк. Паводле ягонай кнігі ў 1968 годзе рэжысэр Стэнлі Кубрык зрабіў папулярны фільм " 2001: касьмічная адысэя". Некалькі дзён таму, Клярк, якому споўнілася 83 гады чарговы раз заявіў, што "больш інтэлігэнтная меншасьць ў сьвеце" будзе адзначаць 1-га студзеня 2001-га году як пачатак новага і стагодзьдзя і тысячагодзьдзя. Адначасова ён заклікаў адзначыць гэтую дату і тых, якія пасьпяшаліся на цэлы год.

Такім чынам, пытаньне – калі пачынаецца новае тысячагодзьдзе, застаецца адкрытым, хаця цягам наступных гадоў яно будзе ўсё менш важнае. Праўдападобна, пытаньне ізноў ўзьнікне разам з набліжэньнем Чацьвертага Тысячагодзьдзя, але гэта ўжо не наш клопат.

XS
SM
MD
LG