Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Навагодні зварот да беларусаў Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы.

Дарагія суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую Вас із сьвятамі і жадаю Вам добрага здароўя, асабістага шчасьця і дабрабыту ў Новым, 2001 годзе!

Усё жыцьцё верыла ў якасьці беларускага народу, верыла ў нашую жыцьцяздольнасьць, у нашую мужнасьць у нядолі, у нашую годнасьць. Веру ў гэтыя якасьці і сёньня. І таму, напярэдадні Новага году, прашу Вас: ня дайце нікому адабраць у Вас ваш Беларускі дом, вашую незалежную дзяржаву. Не дазвольце нікому абдурыць вас абяцанкамі "новага" Саюзу. У нашай гісторыі аніводны саюз не прынёс дабра беларускаму народу.

Асобна зьвяртаюся да беларускіх жанчын , якія найлепш разумеюць патрэбу ўласнага дому, бо толькі ва ўласным доме дзеткі іхныя будуць адчуваць сябе гордымі гаспадарамі і будуць мець ахвоту і сілу адбудоўваць і ўпрыгожваць яго, ператвараць яго ў тую ціхую, ветлую і заможную Беларусь, аб якой мы ўсе марым. Не дазвольце, каб чужакі адабралі яе ў вас.

Дарагая і мілая мне беларуская моладзь! Зьвяртаюся да Вас з просьбай: ня дайце нікому зрабіць з вас страчанае пакаленьне, якімі былі папярэднія пакаленьні – не дзеля іх віны, а таму, што паверылі чужым абяцанкам. Пакажыце сьвету, што беларусы здольны, самастойны і горды народ, што вы годныя тае спадчыны, якую вам перадалі нашыя дзяды, што вы нікому не зьбіраецеся яе аддаваць. Моцна веру ў Вашую ляяльнасьць Бацькаўшчыне, у Вашую жыцьцяздольнасьць.

Дык жадаю Вам, дарагая беларуская моладзь, дарагія мае сёстры-беларускі, дарагія суродзічы, тае мужнасьці і годнасьці, тае веры ў саміх сябе, у свае правы, у сваю будучыню, якія дазволяць Вам абараніць свой Беларускі дом. Памажы Вам Божа!

Жыве Беларусь!

Старшыня рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Івонка Сурвілла
31.12.2000

XS
SM
MD
LG