Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Пакуль Аляксандар Лукашэнка рыхтуецца ўрачыста адкрыць у адзін з апошніх дзён 2000 году будынак чыгуначнага вакзалу ў Менску, жыхары суседніх з гіганцкай новабудоўляю дамоў мерзнуць ад холаду ды чакаюць горшага.

Напрыканцы году й тысячагодзьдзя будзе адкрытая першая чарга новага вакзальнага комплексу Менску. Гэты гмах будуецца ўжо каля 10 год, таму ніхто ня можа сказаць дакладна, колькі каштавала гэтая будоўля стагодзьзя. Газэта "Советская Белоруссия" піша сёньня, што граніт з паліроўкаю для будоўлі везьлі з Партугаліі, шкло з таніроўкаю — з Францыі, эскалятараў на новым вакзале будзе 6, а тэхнічных тэлекамэраў — ажно 106. Паводле галоўнае афіцыйнае газэты, Беларускай чыгунцы "дзеля вакзалу нават давялося прыпыніць будаўніцтва ішых аб'ектаў, улезьці ў даўгі. Але неабходнасьць гэтага разумеюць і кіраўнікі, і простыя людзі".

Аднак простыя людзі якраз абсалютна не разумеюць, навошта Менску агромністы вакзал, заплянаваны ў часы савецкае гігантаманіі ды разьлічаны на масавы пасажырапаток пэрыяду танных чыгуначных квіткоў. Больш за тое, чыгуначнікі, што жывуць у суседніх з вакзалам будынках, асабіста пацярпелі ад гігантаманіі ды рыхтуюцца да горшага.

На Прывакзальным пляцы насупраць новага комплексу — два шматпавярховыя жылыя дамы, што лічацца "ўязною брамаю Менску". Яны пабудаваныя амаль паўстагодзьдзя таму, належаць чыгунцы і даўно не рамантаваліся. Вось што паведаміла мне Валянціна Ісакаўна, што ўжо колькі год мерзне ў сваёй кватэры, на вонкавай сьцяне якой прымацаваны вялізны савецкі герб памерам у цэлы паверх. Але стары герб ня грэе:

(Жыхарка: ) "Некалькі год на гэта скардзімся, і тры, і пяць —незьлічоную колькасьць год. У кватэры градусаў 11, самае большае — 15".

Жыхарка дома №2 па вуліцы Кірава наўпрост зьвязвае свае пакуты з новым вакзалам і цытуе пры гэтым тлумачэньні домакіраўнітцтва №1 Беларускае чыгункі:

(Жыхарка: ) "Домаўпраў Кот Іван Іванавіч нічога ня кажа — нічога ня можам рабіць, бо ТЭЦ гораду дае малы ціск. Тлумачыцца гэта тым, што шмат аб'ектаў уводзяць у строй, у тым ліку новы вакзал, які нібыта забярэ ў нас і цяпло, і ваду, і гэтак далей — таму не падымаецца ціск да нас на 11-ты паверх".

Паведаміла Валянціна Ісакаўна. Яна думае, што з пускам вакзалу будзе яшчэ горш:

(Жыхарка: ) "Ну як — гэткі аб'ект здалі ці здадуць. Дык няўжо будзе лепш? Значыць, будзе яшчэ горш".

Жыхары дома на Кірава, 2 сасьпелі ўжо да акцыяў пратэсту. Сусед Валянціны Ісакаўны з 8-га паверху пагражае наладзіць уласную ўрачыстую цырымонію вакзальнага адкрыцьця.

(Жыхарка: ) "Сусед кажа: вось я вам буржуйку пастаўлю ды комін вывяду ў фортку — вам ня будзе сорамна? Домакіраўніцтва адказала: не, сорамна нам ня будзе".

Сёньняшняя публікацыя "Советской Белоруссии" заканчваецца наступнымі словамі: "Калі мае краіна сілы на будаўніцтва такіх знамянальных аб'ектаў — а чыгуначны вакзал у Менску ў гэтым сэнсе не вынятак — значыць, яна сьмела глядзіць наперад". Над гэтымі словамі зьмешчаны фотаздымак, зроблены ўнутры новага вакзалу — праз шкляны фасад ён сьмела глядзіць на дом №2 на вуліцы Кірава.

XS
SM
MD
LG