Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенка Марыся Мацко была пакараная адміністрацыйнай камісіяй Ленінскага райвыканкаму за тое, што малілася на вуліцы. Разам зь ёй маліліся іншыя вернікі. Гэта адбывалася на тым месцы, дзе калісьці стаяў гатычны касьцёл Вітаўта, разбураны савецкай уладай.

Месяц таму, нагадаем, на гэтым месцы зьявіўся крыж. Ён прастаяў два дні, і ўлады яго прыбралі. Аднак вечарамі там сталі зьбірацца на малітву вернікі. Яны таксама пачалі зьбіраць подпісы, каб папрасіць улады вярнуць крыж на месца. Аднойчы, калі вернікі сабраліся зноў, пад'хала міліцэйская машына. Міліцыянты хацелі забраць Марысю Мацко, хаця яна была з дзецьмі. Тады яе выклікалі нібыта для гутаркі, а калі яна прыйшла, склалі пратакол. Выклікаў яе начальнік участка аховы парадку Дзьмітры Недагібчанка. Вось што гаворыць сама Марыся Мацко:

(Мацко: ) "Пасьля таго, як невядомымі быў скінуты крыж на месцы фары Вітаўта, вернікі парафіі касьцёла вырашылі кожны дзень адмаўляць ружанец як сымбаль пакуты і надзеі на адраджэньне фары Вітаўта. 24 сьнежня ў 24 гадзіны парафіяне касьцёлу Фара Вітаўта, а таксама праваслаўныя і грэка-католікі маліліся на ружанцы на лаціне, па-беларуску, па-літоўску і па-польску і падзяліліся Божым хлебам-аплаткай, а таксама адсьпявалі калядкі. Сумна тое, што за гэтым нашыя ўлады ўбачылі палітыку, і ў выніку на мяне быў складзены пратакол, а пасьля я была аштрафаваная".

Яна спадзявалася, што ў камісіі яе зразумеюць, спаслалася на правы чалавека, расказала, як быў зьнішчаны касьцёл. "Ну быў такі факт, ну разбурылі," – казалі ёй, але камісія зьбіраецца з адзінаю мэтаю – каб пакараць. Але з пяці мінімальных заробкаў штраф зьменшылі да аднаго.

Дарэчы, Марыся Мацко – жонка каваля Юрася Мацко, якога ўлады вырашылі выжыць з майстэрні, пра што мы паведамлялі днём раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG