Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

У Барысаве гарадзкі суд завяршыў трохдзённы разгляд адміністрацыйнае справы лідэра філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандра Абрамовіча і ягонага брата Зьмітра Абрамовіча. Іх абвінавачвалі ў несанкцыянаваным правядзеньні пікету блізу прахадной завода "Аўтагідраўзмацняльнік" ураніцу 22 сьнежня.

Калі сёньня ўраніцу судзьдзя Мікола Кананчук зачытаў вырак, заля паседжаньняў Барысаўскага гарадзкога суду сустрэла яго аплядысмэнтамі. Бо судзьдзя сваім рашэньнем спыніў разгляд справы паводле артыкулу 21 Адміністрацыйнага кодэксу.

Ён, дарэчы, прыняў да ўвагі сьведчаньні лідэра філіі БСДГ Генадзя Гаўрусёва, назіральніка Праваабарончага цэнтру "Вясна" Зьмітра Бародкі, участковага інспэктара ГАУС Уладзімера Корсіка, які затрымліваў братоў Абрамовічаў.

Выявілася, што, па-першае, лёзунгі на плякатах пікетоўцаў усяго толькі падтрымлівалі патрабаваньні рабочых "Аўтагідраўзмацняльніка" наконт падвышэньня заробкаў. Па-другое, Аляксандар і Зьміцер Абрамовічы нікога не абражалі, спробаў зарганізаваць мітынг не ўчынялі, працы прадпрыемства не перашкаджалі. Міліцыянтам пад час затрыманьня не супраціўляліся. Па-трэцяе, судзьдзя ўлічыў стан здароўя Аляксандра, які стаіць на ўліку ў супрацьсухотным дыспансэры пасьля камэры тутэйшага міліцэйскага ізалятару.

Нагадаю, што цягам сьнежня гэта была другая па ліку акцыя сацыял-дэмакратаў блізу прахадной "Аўтагідраўзмацняльніка", дзе шасьцітысячны працоўны калектыў у лістападзе-сьнежні страціў да сарака адсоткаў у заробку ды перажыў кадравыя скарачэньні.

Рашэньне судзьдзі для радыё Свабода пракамэнтаваў Зьміцер Абрамовіч:

"Ён разумее, што людзі выступілі з гэтымі лёзунгамі, і на самой справе на "Ўзмацняльніку" вельмі цяжкое становішча. А я ўспрыняў яго прысуд вельмі добра. Бо гэта яшчэ раз сьведчыць, што мы на слушным шляху".

Гэта было меркаваньне Зьмітра Абрамовіча, актывіста БСДП "Народная Грамада" з Барысава.

Але ня ўсюды ў Менскай вобласьці разгляд у судах падобных адміністрацыйных справаў заканчваецца такім фіналам. Толькі цягам сьнежня ў Салігорску за падобнае лідэр філіі Партыі БНФ Анатоль Лобан атрымаў папярэджаньне. Старшыня маладэчанскай арганізацыі дэмакратычнага аб'яднаньня "Вэтэран" Тадэвуш Шусьціцкі — штраф 3600 рублёў. Кіраўнік філіі АГП ў Слуцку Аляксандар Катляроў — 150 мінімальных заробкаў.

Спробы абскардзіць судовыя выракі або дзеяньні уладаў, скіраваныя на забарону акцыяў, посьпеху не прыносяць. Так, учора ў Жодзіне судзьдзя Ларыса Фралянкова не задаволіла пазоў старшыні мясцовай арганізацыі ТБМ Аляксея Лапіцкага да гарадзкога выканкаму, што не дазволіў філіі Таварыства правесьці 1 верасьня пікет з патрабаваньнямі вярнуць у жодзінскую сыстэму адукацыі беларускія школы й беларускія клясы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG