Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Самым сур'ёзным крызысам з часоў дасягненьня Ўкраінаю незалежнасьці называе газэта Washington Post скандал, зьвязаны з абвінавачваньнем прэзыдэнта Кучмы ў забойстве апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ.

Выдавец апазыцыйнай Інтэрнэт-газэты "Ўкраінская праўда" Георгі Гангадзэ зьнік 16 верасьня, а празь некалькі тыдняў было знойдзенае яго абезгалоўленае цела. Скандал распачаўся ў лістападзе, калі лідэр апазыцыйнай сацыялістычнай партыі Ўкраіны Мароз абвінаваціў у арганізацыі забойства журналіста прэзыдэнта Кучму і міністра ўнутраных справаў Краўчанку. Мароз прадставіў дэпутатам відэастужку са зваротам былога афіцэра службы бясьпекі прэзыдэнта сп. Мельнічэнкі, які пацьвердзіў гэтыя абвінавачваньні. Сп. Мельнічэнка паведаміў, што патаемна запісваў размовы Кучмы з міністрам Краўчанкам, падчас якіх прэзыдэнт загадваў "сілавіку" рабіць напады на апазыцыйных палітыкаў і журналістаў.

Аўтар артыкулу ў сёньняшнім нумары газэты Washington Post адзначае, што Кучма і каманда яго сілавікоў ня надта пераканаўча абвяргалі гэтыя абвінавачваньні, спасылаючыся на правакацыі неназваных замежных спэцслужбаў. Хаця дакладных доказаў віны Кучмы ў забойстве журналіста няма, у парлямэнце стварылася антыпрэзыдэнцкая большасьць: правыя, аб'яднаўшыся зь левымі, выказваюць недавер прэзыдэнцкім сілавым міністрам.

Аўтар Washington Post лічыць, што крызыс, зьвязаны са "справаю Гангадзэ" , можа быць нават карысным для Ўкраіны. Палітычныя баталіі адбываюцца на тле эканамічных посьпехаў – пяціадсоткавага росту эканомікі і дванаццаціадсоткавага росту прамысловасьці. Шмат хто зьвязвае гэтыя посьпехі з рэформамі прэм'ера Віктара Юшчанкі. Wasington Post падкрэсьлівае, што Ўкраіна нават больш , чым Расея патрапіла пад кантроль алігархаў. Але рэформы Юшчанкі ператвараюць алігархаў у сапраўдных бізнэсмэнаў, у той час як прэзыдэнт Кучма абапіраецца выключна на сілавыя структуры.
Washington Post разглядае два сцэнары магчымага вырашэньня крызысу. Першы – парлямэнт аб'яўляе прэзыдэнту Кучму імпічмэнт, прэм'ер Юшчанка робіцца выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы і перамагае на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах. Другі варыянт – прэзыдэнт Кучма распускае парлямэнт і ўсталёўвае прамое прэзыдэнцкае кіраваньне.

Аўтар артыкулу ў Washington Post не хавае, што аддае перавагу першаму варыянту: ён лічыць , што імпічмэнт Кучмы мог бы пакласьці канец беззаконай уладзе спэцслужбаў і паразытычнай алігархіі ды адчыніць шлях Украіне да рэальнай дэмакратыі. Washington Post мяркуе, што Захад мусіць ставіцца да Кучмы, як да ізгоя, пакуль ён не дакажа сваю невінаватасьць. "Увядзеньне прамога прэзыдэнцкага кіраваньня прывядзе да ізаляцыі Ўкраіны з боку Захаду, як гэта мае мейсца ў адносінах да Беларусі, у той жа час справядлівае расьсьледваньне абставінаў забойства журналіста Гангадзэ наблізіць Украіну да Захаду", – падкрэсьлівае Washington Post.

XS
SM
MD
LG