Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Менску падпісанае пагадненьне аб рэканструкцыі памежнага пераходу "Каменны Лог", што знаходзіцца ў Ашмянскім раёне на мяжы зь Літвою. Фінансаваньне будзе ажыцьцяўляцца краінамі Эўразьвязу ў рамках праграмы "Тасіс".

Пагадненьне падпісалі старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Вікенці Макарэвіч і выканаўчы дырэктар праграмы Эўразьвязу ў Беларусі "Тасіс" Леанід Арлоў. Дакумэнт прадугледжвае рэалізацыю інвэстацыйнага праекту памерам 1 мільён 344 тысячы эўра. Як паведамілі журналістам падпісанты, пра намер выдзяліць гэтыя грошы на рэканструкцыю "Каменнага Логу" Эўразьвяз абвясьціў яшчэ ў 1996 годзе.

Камэнтуючы нашаму Радыё прычыны замаруджваньня пляну Эўразьвязу, прадстаўнік праграмы "Тасіс" у Беларусі спадар Арлоў зазначыў:

(Арлоў: ) "Доўга – таму што гэта новая праграма. Перш чым прыняць рашэньне пра выдаткаваньне грошай, а гэта грошы эўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў, і знаходзяцца яны пад кантролем Эўрапарлямэнту, патрэбна было правесьці дасьледаваньні. І прадставіць на разгляд дырэктыўных ворганаў абгрунтаваныя высновы на гэты конт. Другая акалічнасьць у тым, што згаданы праект – новы для праграмы "Тасіс". Гэта першы інвэстацыйны праект у Рэспубліцы Беларусь", — зазначыў Леанід Арлоў.

Ён патлумачыў, што выбар на карысьць "Каменнага Логу" экспэрты Эўразьвязу зрабілі пасьля вывучэньня заходніх межаў краінаў, што ўваходзяць у СНД. Апроч таго, паводле словаў прадстаўніка праграмы "Тасіс", на гэты выбар паўплывалі пляны пашэрэньня Эўразьвязу за кошт некаторых дзяржаваў Усходняй Эўропы і Балтыі.

Што тычыцца Беларусі, то, паводле словаў кіраўніка мытнага камітэту Вікенція Макарэвіча, сёньняшняе пагадненьне адпавядае ейным нацыянальным інтарэсам. За грошы Эўразьвязу, сказаў ён, на беларуска-літоўскім памежжы будзе ўзьведзены ўзорны комплекс мытнага абслугоўваньня. У прыватнасьці, адным з вынікаў будзе павелічэньне сутачнай прапускной здольнасьці "Каменнага Логу" да 2 тысяч 60 аўтатранспартных сродкаў. Дарэчы, сёньняшні выгляд гэтага пагранпераходу ёсьць вынікам ягонай рэканструкцыі за кошт сродкаў бюджэту Саюзу Беларусі і Расеі. Згаданая рэканструкцыя вядзецца з 1997 году. Ці задаволены фінансаваньнем з гэтай крыніцы галоўны мытнік Беларусі? На гэтае маё пытаньне Вікенці Макарэвіч адказаў наступным чынам:

(Макарэвіч: ) "Каменны Лог", "Брузгі", "Бераставіца","Варшаўскі мост","Казловічы" і "Новая Гута"— пункты першачарговага будаўніцтва. Гэтую праграму меркавалася скончыць у 2000 годзе. Для гэтага патрабавалася штогод атрымліваць з беларуска-расейскага бюджэту 350 мільёнаў расейскіх рублёў. Але мы такія сумы не атрымлівалі. Летась, напрыклад, было пералічана ўсяго 100 мільёнаў. Сёлета атрымалі з 350 каля 90 мільёнаў рублёў. Таму гэтая праграма, як мяркуецца, будзе падоўжаная да 2003 году, з той прычыны, што фінансаваньне, здаецца, зноў жа будзе няпоўным", — зазначыў Вікенці Макарэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG