Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Урад і Нацыянальны банк Беларусі заявілі пра пераход у новым годзе да так званае палітыкі "прывязкі" беларускае валюты да расейскага рубля. На гэтыя мэты Цэнтрабанкам Расеі беларускаму боку распачатая крэдытная лінія ў суме 4,5 мільярда расейскіх рублёў.

Беларускае кіраўніцтва напярэдадні новага году заявіла пра новы этап эканамічнай і валютнай інтэграцыі з Расеяй. У заяве, падпісанай кіраўнікамі ўраду Ўладзімерам Ярмошыным і Нацыянальнага банку — Пятром Пракаповічам, зазначаецца што пераход да палітыкі прывязкі беларускага рубля да расейскага адбываецца дзеля выкананьня двухбаковага пагадненьня "ў стварэньні ўмоваў да ўводу адзінай грашовай адзінкі ў межах Саюза Беларусі й Расеі".

Урад і Нацыянальны банк Беларусі мяркуюць уніфікаваць прынцыпы й мэханізмы ўсталяваньня абменных курсаў беларускага й расейскага рублёў да замежных валютаў. Абменны курс беларускага рубля да замежных валютаў будзе ўсталёўвацца на падставе ягонага намінальнага курсу да расейскае валюты. Урад і Нацыянальны банк паведамляюць, што для падтрымкі гэтых дзеяньняў Цэнтральны банк Расеі адкрыў Нацыянальнаму банку Беларусі крэдытную лінію памерам 4,5 мільярда расейскіх рублёў.

Кіраўніцтва ўраду й Нацыянальнага банку спадзяецца гэткім чынам дасягнуць стабілізацыі валюты, падвышэньня актыўнасьці інвэстараў, росту рэальнага сэктару эканомікі й паляпшэньня дабрабыту жыхароў краіны.

Разам з гэтым паведамляецца, што заплянаваная дэвальвацыя беларускага рубля да расейскага на ўзроўні 2,5–3% ў месяц. У першым квартале 2001 года "інтарэсам Рэспублікі Беларусь найбольш поўна будзе адпавядаць дэвальвацыя абменнага курсу Нацыянальнага банку да расейскага рубля на ўзроўні трох адсоткаў за месяц".

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч сумняецца ў выніковасьці гэтых захадаў як для эканомікі, гэтак і для нацыянальнай валюты Беларусі:

(Багданкевіч: ) "У Летуве дэвальвацыі літа зусім няма, а інфляцыя не перавышае 2-3%. А тут штомесяц мяркуецца 2,5-3% дэвальвацыі ў адносінах да расейскага рубля. Але ж расейскі рубель таксама ня будзе стабільным і, відавочна, будзе дэвальвавацца ў адносінах да даляра ЗША. Трэба каб наша нацыянальная валюта мела стабільны курс у дачыненьні да расейскага рубля".

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што 4,5 мільярды расейскіх рублёў крэдыту Цэнтрабанку — а гэта каля 150 мільёнаў даляраў — замала для падтрыманьня стабільнасьці беларускае валюты, бо дэфіцыт беларускага гандлёвага балянсу з Расеяй перавышае 1,5 мільярды даляраў.

Экс-прэм'ер Міхал Чыгір мяркуе, што гэтая заява кіраўніцтва ўраду й Нацыянальнага банку палітычна матываваная і магчыма памылковая:

(Чыгір: ) "Я наогул лічу неразумным рабіць такія заявы аб прывязцы да расейскага рубля. Мы наогул няўпэўненыя, што будзе адбывацца з беларускім рублём у наступным годзе, мы ня ведаем, што зь ім будзе адбывацца. Найбольш стабільная валюта – гэта амэрыканскі даляр, і заўсёды лепш прывязвацца да яго. Шмат што залежыць ад таго, што будзе адбывацца з коштам на нафту. Як толькі нафта стане таньнейшаю, то невядома, як будзе рэагаваць на гэта расейскі бюджэт і расейская валюта. Каб сказаць нешта новае, дык яны робяць заявы пра прывязку да расейскага рубля. А калі раптам здарыцца нешта такое, што было ў жніўні 1998 году? Што тады нашыя "заявіцелі" будуць казаць?"

Гэта быў Міхал Чыгір.

Ён лічыць, што прывязка беларускае валюты да расейскага рубля можа й не адбыцца, бо няма ніякіх гарантыяў выкананьня патрабуемых Расеяй эканамічных парамэтраў, асабліва ў год прэзыдэнцкіх выбараў, якія вымагаюць новых выдаткаў на новыя папулісцкія акцыі.

XS
SM
MD
LG