Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 23 сьнежня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У пятніцу прыступіў да выкананьня службовых абавязкаў новы міністар культуры Леанід Гуляка. Бібліятэкар паводле адукацыі, Гуляка больш інтэлігэнтны за былога міністра Аляксандра Сасноўскага, які дазваляў сабе на афіцыйных нарадах у Міністэрстве культуры лаяцца расейскім матам. Новы міністар — кадравы чыноўнік, добры выканаўца загадаў начальства; нейкіх новых праектаў і ўласных ініцыятываў ад яго не чакаюць. Цяперашнюю пасаду Гуляка пагадзіўся заняць пасьля даўгіх ваганьняў. Вырашальным аргумэнтам сталася абяцаньне вышэйшага кіраўніцтва аб'яднаць Міністэрства культуры зь Дзяржаўным камітэтам друку.

У Саюзе кінэматаграфістаў прайшоў Чацьверты нацыянальны фэстываль аматарскага кіно. Сярод ляўрэатаў — архітэктар Яўген Хрол, аўтар гумарыстычных мініятураў пра Менск, Рэспубліканскі цэнтар тэхнічнае творчасьці школьнікаў, які прадставіў на фэстываль фільмы "Нестандарт" і "Хранічны экстрэматызм", а таксама Анатоль Шнэйдэр з Талочына, аўтар краязнаўчае стужкі пра раку Друць. Аматарскае кіно колісь рабілася на кінаплёнцы, але цяпер усе аўтары перайшлі на відэа, бо кінаплёнка ў Беларусі каштуе ў сто разоў больш за відэакасэту.

У канцэртнай зале "Менск" прайшла прэзэнтацыя новага супольнага праекту беларускіх рок-музыкаў "Я нарадзіўся тут". Гурты Kriwi, N.R.M. і Аляксандар Памідораў перапрацавалі 21 патрыятычную песьню, некаторыя зь якіх называюцца ў якасьці патэнцыйнага беларускага гімна — у тым ліку "Палянэз" Агінскага, "Пагоня" й "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Пад час канцэрту міліцыя ня здолела адабраць у слухачоў усе бел-чырвона-белыя сьцягі. Аўтар і фундатар праекту Алесь Суша асабіста выганяў з залі дзяўчатаў, што пілі "Фанту", каб не скалечылі музыкаў пустымі пляшкамі. Частка прыбыткаў ад канцэрту пойдзе на выданьне кампакт-дыску, якому гарантаваны посьпех, параўнальны з "Народным альбомам".

Нямецкі культурны цэнтар імя Гётэ, які месьціцца ў Доме літаратара, заснаваў уласную мастацкую галярэю. Дырэктарка Цэнтру пані Гайке Мюлер спадзяецца, што тут будуць рэгулярна праходзіць выставы мастакоў і фатографаў, прысьвечаныя беларуска-нямецкім культурным кантактам. Першаю з такіх выставаў сталася экспазыцыя фотамастака Дзяніса Сінюгіна, які пад час фундаванага Цэнтрам падарожжа ў Брэмэн стварыў сэрыю замалёвак з жыцьця сучасных брэменскіх музыкаў.

Ніводная мастацкая стужка вытворчасьці кінастудыі "Беларусьфільм" апошніх гадоў ня здолела акупіць выдаткі на яе стварэньне. Адзіны беларускі фільм, які зацікавіў шырокага гледача і акупіў укладзеныя ў яго 200 тысячаў даляраў — камэдыя пра ідыятызм службы ў савецкім войску "Армія Ратаваньня". Фільм паводле ўласнага сцэнару стварыў былы банкір Яўген Краўцоў, прадусар кампаніі "Відэафакт". Краўцоў — адзіны рэжысэр-аматар, якога прынялі ў Саюз кінэматаграфістаў. Цяпер Краўцоў рыхтуе прэм'еру свайго другога фільма — камэдыю пра прыгоды беларускіх турыстаў у Празе "Залаты горад".

XS
SM
MD
LG