Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

(эфір 23 сьнежня)
Паведамленьні беларускіх афіцыйных мас-мэдыяў пра падрыўныя ўлёткі з Украіны камэнтуе наш палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) "Я думаю, што ў краіне пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія. І асноўным напрамкам дзейнасьці ўладаў падчас гэтай кампаніі будзе палітыка ўзмацненьня палітычнай напружанасьці, узмацненьня канфрантацыі, распальваньне варожасьці й нянавісьці ў грамадзтве да палітычных апанэнтаў улады, да апазыцыі, да Захаду. І выступ Лукашэнкі ў так званым "Савеце Рэспублікі", дзе ён распавёў пра затрыманьне шпіёнаў і пра тое, што апазыцыя ўвозіць зброю, каб захапіць уладу; і нашумелы інцыдэнт на Гомельшчыне – усё гэта ўкладваецца ў рамкі пэўнай стратэгіі – стратэгіі распальваньня варожасьці.

Лукашэнка, заўважым, мае вялікі досьвед падобнай палітыкі. Падчас прэзэдэнцкіх выбараў 1994 года і славутых рэфэрэндумаў галоўнай палітычнай дамінантай лукашэнкаўскай каманды было менавіта распальваньне варожасьці ў грамадзтве, давядзеньне напружаньня ў краіне да стану псыхалягічнай вайны. І вось зараз працягваецца такая кампанія, прычым, адзначым, адбываецца гэта ў сытуацыі пачатку "халоднай вайны" ў адносінах з Захадам. Афіцыйны Менск дэманструе варожасьць да заходніх краінаў, перш ад усяго да Злучаных Штатаў, і гэта цалкам зразумела, бо гэта адзін з галоўных накірункаў згаданай стратэгіі. Зьвязаць апазыцыю з рэакцыйным Захадам, са шпегамі; зваліць усё да адной кучы – гэта, паўтаруся, галоўны накірунак перадвыбарчай кампаніі".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Карбалевіч, у паведамленьні пра ўлёткі, знойдзеныя на Гомельшчыне, выразна гаворыцца, што іх прывозяць з поўдня, што ў гэтым замяшанае нейкае таямнічае Таварыства ўкраінска-беларускага сяброўства. І тут ўжо гаворка ідзе не пра Захад, а пра нашых суседзяў…"

(Карбалевіч: ) "Гэта азначае, што ў грамадзкай сьвядомасьці ствараецца мадэль "цьвердзі", аточанай з усіх бакоў ворагамі, якая змагаецца зь імі па ўсіх напрамках. І ў такой сытуацыі і на поўдні, і на поўначы, і, асабліва, на захадзе, – я вельмі баюся, што і на ўсходзе могуць зьявіцца нейкія празаходне арыентаваныя ўплывовыя сілы, апанаваныя ідэяй "зьнішчыць маленькую, але вельмі гордую краіну" на чале з такім надзвычай храбрым прэзыдэнтам.

Вось такая мадэль, такая немудрагелістая тактыка будзе і надалей разьвівацца. Праўда, я баюся, што такая кампанія пачалася зарана".

(Карэспандэнт: ) "Аднак, з іншага боку, у замацоўваньні вобразу Беларусі як абкружанай ворагамі цьвердзі, насьцярожанасьці ў дачыненьнях з бліжэйшымі суседзямі можна вельмі рэальна й адчувальна пашкодзіць добрасуседзкім адносінам зь імі – хаця б з той жа Ўкраінай…"

(Карбалевіч: ) "Так, але гэта сьвядома прыносіцца ў ахвяру той мэце, якая ставіцца: утрымаць уладу, перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах. Усё астатняе, паўторымся яшчэ раз, прыносіцца ў ахвяру: і адносіны з Захадам, і дачыненьні з суседзямі".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG