Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя – 97" вызначыў ляўрэатаў сваёй штогадовае прэміі ў галіне абароны правоў чалавека. Ляўрэатамі 2000 году сталі палітык Аляксандар Абрамовіч, кінарэжысэр Віктар Дашук і журналістка Любоў Лунёва.

Лідэр барысаўскай арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч узнагароджаны ў намінацыі "За асабістую мужнасьць". За арганізацыю несанкцыянаваных акцыяў пратэсту ў сваім горадзе спадар Абрамовіч адсядзеў больш за сто сутак адміністрацыйнага арышту, а таксама быў пакараны вялікай сумаю штрафаў.

У намінацыі "За лепшае асьвятленьне праваабарончае тэмы" ўзнагароду "Хартыі – 97" атрымае карэспандэнт нашага радыё Любоў Лунёва. Аргкамітэт "Хартыі" прысудзіў ёй прэмію за самую дакладную і апэратыўную інфармацыю пра масавыя затрыманьні ўдзельнікаў сёлетніх акцыяў пратэсту апазыцыі.

Прэмію "За сьмеласьць у творчасьці" атрымае аўтар дакумэнтальнага фільму "Ноч доўгіх нажоў" і артыкулу ў газэце "Народная Воля" пад назваю "А хто там ідзе?" кінарэжысэр Віктар Дашук, а таксама невядомы аўтар відэапраграмы "Незвычайны канцэрт".

XS
SM
MD
LG