Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Траньсляцыя папулярнага сярод менчукоў "8 каналу" можа быць спыненая напярэдадні навагодніх сьвятаў — 29 сьнежня. Кіраўніцтва дзяржаўнага прадпрыемства "Менскія тэлевізыйныя інфармацыйныя сеткі" матывуе рашэньне тым, што зь 1 студзеня частоты кабельнага каналу адыходзяць да нядаўна створанага пад дахам Менскага гарадзкога выканакаму ТАА "Сталічная тэлевізія".

"8 канал" улады спрабуюць узяць пад свой кантроль не ўпершыню. У 1995 годзе, нягледзячы на вельмі абмежаваны час вяшчаньня, канал быў закрыты з прычыны падазрэньняў у палітычнай неляяльнасьці да новае ўлады. Цяпер, паводле кіраўніцтва канала, ідэалягічных прычынаў няма — праграмы апалітычныя і пераважна забаўляльныя.

Між іншым, так супала, што ў сваім суботнім тэлесэрыяле на БТ "Тайныя спружыны палітыкі" былы супрацоўнік "8 каналу" і адзін з галоўных цяперашніх тэлеідэёлягаў Юры Азаронак наўпрост абвінаваціў "8 канал" у распальваньні грамадзкага супрацьстаяньня з тае прычыны, што на канале была паказаная стужка пра савецкага дысыдэнта, аўтара сэрыі антысталінскіх кніг Віктара Суворава.

Ці могуць быць зьвязаныя гэтыя падзеі, камэнтуе кіраўнік службы інфармацыі "8 каналу" Ігар Купрэйчанка:

"Гэтая стужка наогул ня нашае вытворчасьці. Але з таго, што яна зарэгістраваная ў Дзяржаўным кінавідэапракаце і ў Дзяржаўным рэгістры, значыццца, адпаведныя дзяржаўныя структуры чымсьці кіраваліся, дазваляючы яе паказ. Мы сваіх адносінаў да Суворава не дэманстравалі ніякім чынам. Таму дакладна з такім жа посьпехам можна "наехаць" на любую галівудзкую стужку.

Што тычыцца самога канфлікту, дык цяжка сказаць, на якім узроўні ён існуе — хутчэй, на нейкім міжасабовым", — падкрэсьліў супрацоўнік "8 каналу" Ігар Купрэйчанка.

Між тым, зацікаўленыя ў вырашэньні канфлікту дзяржаўныя структуры, падобна, цягнуць час. У Міністэрстве сувязі кажуць, што лякальныя канфлікты мусяць вырашацца на ўзроўні Рэспубліканскага радыётэлевізыйнага перадавальнага цэнтру (РТПЦ). Там, сапраўды, пацьвердзілі, што раілі Міністэрству сувязі не працягваць з "8-м каналам" дамову "…на падставе нерэгулярнай аплаты паслугаў арэнды перадатчыка".

Але кіраўнік "8-га каналу" Пётра Чарнаморац сьцьвярджае, што мае ў наяўнасьці ўсе бугальтарскія паперы, якія пацьвярджаюць адсутнасьць фінансавых запазычанасьцяў перад РТПЦ. І дадае, што ліцэнзія на права вяшчаньня менавіта на гэтай частаце скончыцца толькі ў 2004 годзе. Такім чынам, робіць выснову спадар Чарнаморац, выкарыстоўваючы звычку гледачоў і 4-гадовы досьвед працы амаль шасьці дзясяткаў супрацоўнікаў, хтосьці мэтанакіравана спрабуе прывесьці на кабельную тэлевізію "патрэбных" людзей.

Паводле папярэдняй інфармацыі, месца "8 каналу" мусіць заняць рэтрансьляцыя аднага са спадарожнікавых каналаў, разбаўленая 15-хвіліннай інфармацыйнай праграмаю творчае брыгады Менскага гарадзкога выканкаму "Сталічная тэлевізія" — "СТВ – 24 гадзіны".

"Сталічная тэлевізія", якая цалкам базуецца ў менскай мэрыі, цягам апошняга году рабіла чатыры разы на тыдзень 15-хвілінныя інфармацыйныя перадачы, якія выходзілі на БТ й "8-м канале". Але ўвесь гэты час гарвыканкамаўскія тэлевізыйшчыкі марылі пра ўласную сталую частату.

У чацьвер кіраўніцтва "8 каналу" зьбярэцца, магчыма, на сваю апошнюю прэсавую канфэрэнцыю, дзе зьбіраецца назваць заказчыкаў у справе ліквідацыі сталічнага тэлеканалу.

XS
SM
MD
LG