Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Заўтра у нашай праграме – апошні выпуск перадачы Аляксандра Лукашука "Лісты з Каліфорніі".

Калядная пошта з цяжкасьцю дастаўляе адрасатам апошнія лісты году. Я вярнуўся ў Прагу пасьля трох месяцаў працы ў архівах Гувэраўскага інстытуту і заняткаў у Стэнфардзкім унівэрсытэце, а лісты яшчэ ідуць – вінаватая сьвяточная перагрузка пошты. Але ўсяму свой час – натуральна, сканчаюцца і мае эпісталярныя нататкі пра жыцьцё па-амэрыканску. Заўтра у эфіры прагучыць апошні ліст. Але каліфарнійская тэма з эфіру "Свабоды" цалкам ня зьнікне – у Стэнфардзе я меў магчымасьць пазнаёміцца з выдатнымі навукоўцамі, дасьледчыкамі, літаратараміі і запісаць шэраг гутарак, якія прагучаць у наступным годзе.

У "Каліфарнійскіх дыялёгах", які прыдуць на зьмену "Лістам з Каліфорніі", бяруць удзел Робэрт Конквэст – хіба найвялікшы на сёньня аўтарытэт у сьвеце ў гісторыі сталінізму і ня толькі сталінізму, вядомы нашым слухачам як аўтар клясычнай працы "Вялікі тэрор", але зусім невядомы як арыгінальны паэт. Першае пытаньне, якое задаў мне Эдвард Тэлер, бацька амэрыканскай вадароднай бомбы, было пра стаўленьне ў Беларусі да распаду Савецкага Саюзу. Асабіста знаёмы з плеядай выбітных розумаў стагодзьдзя, ад Альберта Эйнштэйна да Андрэя Сахарава, Эдвард Тэлер моцна ўхваляе новую незалежнасьць былых савецкіх народаў. Нобэлеўскі ляўрэат эканаміст Мілтан Фрыдман узгадвае сваё падарожжа праз Беларусь у 60-я гады і мадэлюе сытуацыю рэпрэсыўнай эканомікі сучаснай Беларусі. Усе тры суразмоўцы так ці іначай выказваюцца пра будучыню Беларусі – меркаваньне асобаў, чые думкі фармавалі хаду гісторыі у мінулым стагодзьдзі, спадзяюся, прыдадуцца і для наступнага.

Аляксандар Лукашук, Прага

("Каліфарнійскія дыялёгі" будуць гучаць на хвалях "Свабоды" ў 2001 годзе, а апошні каліфарнійскі ліст Аляксандра Лукашука – у праграме заўтра, у сераду 27 сьнежня)

XS
SM
MD
LG