Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Улады прызнаюць, што ў Беларусі існуюць аб'ектыўныя прычыны для масавых акцыяў пратэсту. Гэта — нізкі ўзровень жыцьця, мізэрныя заробкі, асабліва ў аграрнай галіне і сярод бюджэтнікаў, малыя пэнсіі. Такія высновы зробленыя гэтак званай "Палатаю прадстаўнікоў" на падставе апытаньня дэпутатаў.

Сакратарыят гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" прааналізаваў сацыяльна-палітычнае становішча ў краіне на падставе вынікаў анкетаваньня, праведзенага сярод новаабраных дэпутатаў. Высновы дасьледаваньня для ўладаў несуцяшальныя.

Працытую толькі некалькі фрагмэнтаў з адпаведнай даведкі: "Запас даверу да ўладаў значна скарачаецца з кожным годам, нарастае сацыяльная напружанасьць, асабліва сярод малазабясьпечаных жыхароў, нараджаюцца стыхійны пратэст, сацыяльная апатыя, сацыяльнае ўтрыманства". Яшчэ адна цытата: "Вырашальным фактарам сацыяльна-эканамічнага й палітычнага жыцьця выбаршчыкі цяпер вызначаюць інстытут прэзыдэнцкае ўлады. Заканамерна, што ўсю адказнасьць за нявырашаныя праблемы — ад нястрымнага росту цэнаў і перабояў у працы транспарту да вулічнае злачыннасьці ды адсутнасьці ў кватэрах вады й цяпла — яны ўскладаюць на кіраўніка дзяржавы".

Паводле даведкі, у абсалютнай большасьці акругаў зафіксавана неразуменьне сацыяльна-эканамічнае сыстэмы беларускае дзяржавы. Людзі не разумеюць, чаму, напрыклад, дзяржава так марудна рэфармуе вытворчасьць на заводах, чаму на дзяржаўным узроўні тармозіцца разьвіцьцё прыватанга сэктару эканомікі, чаму працягваецца распад аграпрамысловага комплексу?

Людзі сьцьвярджаюць, што ўлады практычна не кіруюць працэсамі цэнаўтварэньня.

Надзвычай цяжкое становішча ў сельскіх акругах, асабліва ў эканамічна слабых рэгіёнах. Там нават многія кіраўнікі ня бачаць выйсьця са становішча, якое склалася ў аграрным комплексе за апошнія 3-4 гады. Як засьведчана ў даведцы, "шмат хто адкрыта заяўляе пра тое, што працуе ў калгасе толькі таму, што ў рэгіёне няма прамысловых прадпрыемстваў".

Некаторыя дэпутаты сьцьвярджаюць, што ўзровень сацыяльнае напружанасьці ў грамадзтве блізкі да крытычнага, бо значная частка электарату не давярае ўсім галінам улады.

Некаторыя дэпутаты прапануюць неадкладныя захады, каб зьмяніць становішча. На першым месцы ў гэтым спісе — падвышэньне ўзроўню жыцьця, на другім — паляпшэньне стасункаў з Эўропаю і пашырэньне інтэграцыйных працэсаў з Расеяй, на трэцім – стварэньне адзінай і зразумелай сыстэмы падаткаў. На апошнім (дзявятым) — прыярытэтнае фінансаваньне аховы здароўя і адукацыі за кошт скарачэньня выдаткаў на ўтрыманьне міліцыі ды арміі.

XS
SM
MD
LG