Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сям'я Захаранкаў атрымала палітычны прытулак ў Нямеччыне. Жонка зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў і дзьве ейныя дачкі не зьбіраюцца вяртацца ў Беларусь да зьмены палітычнага рэжыму.

Пытаньне пра палітычны прытулак для Вольгі, Алены і Юліі Захаранкаў вырашылася за тры месяцы, у той час як звычайна працэдура расьцягваецца да паловы года. Нямецкія ўлады палічылі, што жонка й дочкі зьніклага міністра ўнутраных справаў Беларусі ёсьць палітычнымі ўцекачамі і ім патрэбнае адпаведнае ўтрыманьне і юрыдычная дапамога. Днямі сям'і Захаранкаў выдадзеныя дакумэнты як палітычным уцекачам.

Гэты статус захаваецца за імі да тае пары, пакуль у Беларусі ня зьменіцца палітычны рэжым. Вольга Захаранка кажа, што не зьбіраецца вяртацца на радзіму раней зьмены ўлады, бо, на ейную думку, гэта небясьпечна.

Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў муж старэйшай дачкі экс-міністра Алены Вячаслаў Арцем'еў, які дагэтуль жыве ў Менску. Вячаслаў стэлефаноўваўся зь сям'ёю Захаранкаў некалькі дзён таму і з размовы даведаўся пра станоўчае вырашэньне пытаньня пра палітычны статус.

Захаранкі зьехалі ў Нямеччыну ўлетку на запрашэньне адной дабрачыннай арганізацыі, і спачатку заяўлялі, што іхны побыт там часовы. Для іх там наладзілі некалькі сустрэчаў з грамадзкасьцю й прэсавых канфэрэнцыяў. Вольга Захаранка потым адзначала, што першыя такія сустрэчы адбываліся ў абстаноўцы надзвычайнае цікавасьці да беларускіх праблемаў, але потым гэтая цікавасьць зьменшылася.

Паводле зьвестак, Захаранкі нават вагаліся, ці не вярнуцца дадому, але зь Беларусі ім паведамілі, што іхныя катэгарычныя заявы наконт вінаватасьці Аляксандра Лукашэнкі ў зьнікненьнях апазыцыянэраў могуць мець для іх наступствы.

Пакуль яны жывуць недалёка ад гораду Мюнстэра, у трохпакаёўцы, за якую плоціць дзяржава. Кожны зь сям'і, у тым ліку й трохгадовы сын Алены, атрымліваюць грашовую дапамогу памерам 300 нямецкіх марак. Праўда, праезд на гарадзкім тарнспарце для іх бясплатны, і адзеньне яны маюць магчымасьць здабыць праз дабрачынныя фонды. Бясплатна можна вывучаць і нямецкую мову. Пакуль гэта лепш атрымліваецца ў малодшай дачкі Юлі, якая пайшла ў мясцовую школу.

Цяпер, напярэдадні навагодніх сьвятаў, асноўная турбота ў Захаранкаў — рамонт кватэры, які яны робяць уласнымі сіламі. Каб прыдбаць тэлевізар ці паставіць хатні тэлефон, грошай пакуль не назапасілі. "Хапае толькі на прадукты", — прызнаўся, спаслаўшыся на жонку, Вячаслаў Арцем'еў.

Нагадаю, экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка зьнік 7 траўня мінулага году. Неаднаразова былыя калегі Захаранкі, у тым ліку былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў, казалі, што знайсьці Захаранку для іх — справа гонару, але гэтае абяцаньне пакуль не выкананае.

Варта нагадаць таксама, што надоечы пад час прамовы ў КГБ Аляксандр Лукашэнка заявіў пра пагрозу дзяржаўнай уладзе, якую нібыта ўяўляў Саюз афіцэраў, створаны Юрам Захаранкам. У той жа прамове Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасьць за ўсе зьнікненьні людзей, што адбыліся пад час ягонага прэзыдэнцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG