Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Дзьмітры Абадоўскі, сын вядомага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага, прaвёў калядныя дні ў турэмнай рэанімацыі. Туды ён быў накіраваны яшчэ ў пятніцу на адзінаццаты дзень сухой галадоўкі пратэсту. Зараз стан яго здароўя нармалізаваўся.

Тры дні ў рэанімацыі магілеўскага вабласнога шпіталю Дзьмітрыю Абадоўскаму ўлівалі мэдычныя растворы, пакуль ён, нарэшце, ня здолеў самастойна прымаць вадкую ежу. Цяпер яго перавялі з рэанімацыі ў звычайны пакой для лячэньня тых, хто ўтрымліваецца пад вартай. Пагроза для жыцьця Дзьмітрыя мінула. Лекары пакуль асьцерагаюцца рабіць прагнозы аб наступствах працяглай сухой галадоўкі і папросту кажуць: час пакажа.

Нагадаем, што Дзьмітры утрымліваецца ў сьледчым ізалятары паўтары гады. Гэта была ягоная другая галадоўка пратэсту. Галоўнай умовай спыненьня сухой галадоўкі было зьмена меры ўтрыманьня. Адміністрацыя вязьніцы адправіла Абадоўскага ў шпіталь, лічы, у апошні момант. Лекары казалі, што яшчэ содні і яго б не ўратавалі.

Сёньня абаронца Дзьмітрыя Абадоўскага зьбіраецца зьвярнуцца да сьледчага з хадайніцтвам аб праверцы стану здароўя і магчымасьці знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Дзьмітрыя, хаця й прадбачыць, што адказ будзе, хутчэй ад усяго, адмоўны. Акрамя гэтага абаронца зьбіраецца зьвярнуцца з заявай да адміністрацыі сьледчага ізалятара, каб яму прадаставілі матэрыялы, датычныя зьмяшчэньня падсуднага ў карцэр, што было адной з прычынаў пачатку галадоўкі. Зьявілася таксама інфармацыя – пакуль афіцыйна не пацьверджаная, – што дасьледаваньне крымінальнай справы Абадоўскага будзе скончана да Новага году. Аднак абарона сумняваецца ў магчымасьці хуткага судовага разбору, бо, паводле зьвестак абаронцы, яшчэ не завершаны шэраг важных экспэртызаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG