Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

У Віцебску другі дзень Калядаў адзначыўся падзеяй – апоўдні на трубе віцебскае энэргацэнтралі вышынёй 110 мэтраў быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Зьдзейсьніў гэта Мірон, які стаў ужо беларускай легендай, вывешваючы сьцягі на розных высотных кропках.

Гэтым разам усё адбывалася ўдзень, у прысутнасьці сьведкаў, якія зь зямлі назіралі за дзеяньнямі чалавека ў шырокім плашчы. Калі сьцяг разгарнуўся, Мірон пэўны час стаяў на каленях на версе коміну, потым паўстаў на поўны рост і зьнік. Гэтыя дзеяньні былі зафіксаваныя на фота- і відэакамэры.

На доле Мірона, аднак, чакаў ахоўнік, так што сёньня яму давялося ўратавацца толькі дзякуючы надзейнай страхоўцы.

Калі ўсё скончылася, Мірон згадзіўся даць бліц-інтэрвію. Паводле ягоных словаў, акцыя плянавалася а сёмай гадзіне раніцы, але з-за непрадбачаных складанасьцяў узьняць сьцяг удалося толькі апоўдні. Так што цэлых пяць гадзінаў Мірону прыйшлося, ня гледзячы на зімовы вецер, сядзець на коміне. Ён не схацеў толькі распавесьці пра падрабязнасьці свайго зьнікненьня пасьля сутычкі з ахоўнікам, але адзначыў, што, мажліва, бліжэйшымі днямі давядзецца "прыадчыніць заслону" і над гэтай таямніцай.

Прымацаваная ж да сьцяга цыдулка гэтым разам была наступнага зьместу: "Беларусь сустракае трэцяе тысячагодзьдзе пад бел-чырвона-белым сьцягам. З гэтым гістарычным сымболем мы ажыцьцявім запавет Кастуся Каліноўскага. Мірон".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG