Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сьнежня 2000 г.


Максім Лукашэвіч, Прага

Ян Вірсма, кіраўнік групы Эўрапарлямэнту ў справе Беларусі расказвае, як галяндцы сьвяткуюць Каляды, зьвяртаецца да беларусаў з найлепшымі пажаданьнямі ды выказвае ўпэўненасьць, што Каляды – гэта сьвята, якое ў беларусаў ня можа адабраць нават Лукашэнка.

(Карэспандэнт: ) "Як Вы будзеце спраўляць Каляды?"

(Вірсма: ) "Буду спраўляць дома, у горадзе Ляйдэн у Галяндыі з сям'ёй і сябрамі. Я, ведаеце, шмат падарожнічаю, дык для мяне гэта вялікая раскоша – правесьці некалькі дзён у родным горадзе разам з сям'ёй і адпачыць. У Галяндыі Каляды – сямейнае сьвята: час успомніць падзеі мінулага году і падумаць пра будучы".

(Карэспандэнт: ) "Ці даводзілася Вам спраўляць Каляды недзе за мяжой?"

(Вірсма: ) "Не, хіба што некалькі гадоў таму давялося правесьці Каляды ў Злучаных Штатах. Гэта было ў Каліфорніі, горад Сан-Францыска, таму там не было сьнегу".

(Карэспандэнт: ) "А як у Вас сёлета, будуць сьнежныя Каляды ў Галяндыі?"

(Вірсма: ) "Не, халадае, марозы бываюць уначы, але сьнегу,хіба ня будзе. Мы ў Галяндыі рэдка маем Белыя Каляды".

(Карэспандэнт: ) "Ці будзеце мець калядную елку?"

(Вірсма: ) "Ну так, у нас у Галяндыі традыцыя ставіць елку. Нягледзячы на тое, што дзеці ў нас ужо дарослыя, мы ўсё роўна яе працягваем. Вячэраем разам з сям'ёй і сябрамі. Гэта ў першы дзень Калядаў. І адна сямейная традыцыя: мы ўсе ідзем раніцай усёй сям'ёй гуляць, гэта абавязкова для кожнага члена сям'і, ніхто ня можа адмовіцца. Гэтую традыцыю мы працягваем ужо 20 гадоў".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць у Вас нейкія нацыянальныя галяндзкія стравы на Каляды?"

(Вірсма: ) "Не, Галяндыя вельмі прыгожая краіна, але спэцыяльнай кухні на Каляды мы ня маем. Так што падаюцца ці то французкія, ці то італьянскія, ці то нават інданэзыйскія стравы. Тым больш няма адмысловай каляднай кухні. Гэта ня так, як у ангельцаў".

(Карэспандэнт: ) "Аякія калядкі галяндцы сьпяваюць?"

(Вірсма: ) "Пераважна сьпяваюць калядкі на Куцьцю пад час царкоўным мерапрыемстваў у гэты дзень. Але гэта тыя ж самыя калядкі, якія сьпяваюцца ў Англіі і Злучаных Штатах. Я толькі ведаю пра пратэстанцкія традыцыі, бо я належу да гэтага веравызнаньня. Я ня ведаю ніякіх адмыслова галяндзкіх калядак. Хоць яны і сьпяваюцца на галяндзкай мове, яны запазычаныя з усяго сьвету. Самая ведамая, хіба, "Ціхая ноч", якую сьпявае цэлы сьвет".

(Карэспандэнт: ) "Засьпявайце куплет па-галяндзку…"

(Пяе…)

(Вірсма: ) "Далей словаў я ня памятаю. Не забывайце, я выхоўваўся патэстантам, трошкі памятаю, але я не актыўны царкоўнік. Галяндыя – гэта вельмі сэкулярызаванае грамадзтва".

(Карэспандэнт: ) "Якія Вашыя пажаданьні беларусам?"

(Вірсма: ) "Я спадзяюся, што ўсе беларусы так жа цешацца Калядамі, як і мы, што будуць адзначаць іх з сем'ямі, сябрамі, бо Каляды павінны быць аднолькавымі для ўсіх, жыве чалавек у Беларусі ці ў Галяндыі. Гэта сьвята, якое ніхто ня можа адабраць, нават прэзыдэнт Лукашэнка. З духу Калядаў людзі павінны браць сілу на наступны год, які, падобна, будзе цяжкім для беларускага народу, але ёсьць надзея, што ў наступным годзе будуць зьмены да лепшага, будуць новыя выбары, і можа яны прынясуць тыя зьмены, якіх мы ўсе чакаем".

На заканчэньне ўсім нашым слухачам спадар Вірсма сказаў яшчэ два словы па-беларуску…

(Вірсма: ) "Вясёлых Калядаў…"

Гтарыў

XS
SM
MD
LG