Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 23 сьнежня)
У студзені 2001 году ў гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" паступіць на разгляд праект новага варыянту Закону "Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь". Ягонае прыняцьце на практыцы будзе азначаць татальнае вынішчэньне беларускамоўнае сыстэмы адукацыі. Прынамсі, пра гэта сьведчыць зьмест праекту, які стаў вядомы нашаму карэспандэнту.

У абгрунтаваньне неабходнасьці новага варыянту закону першая намесьніца дырэктара Нацыянальнага цэнтру законапраектнае дзейнасьці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь спадарыня Бачкова — а менавіта гэтая ўстанова распрацоўвала праект — піша, што закон аб адукацыі, прыняты Вярхоўным Саветам 29 кастрычніка 1991 году, стварыў юрыдычную аснову для станаўленьня нацыянальнае сыстэмы адукацыі — што, аднак, на думку спадарыні Бачковай, "ня ўлічвае прыярытэты новае дзяржаўнае адукацыйнае палітыкі".

Дзеля таго, каб не было супярэчнасьцяў між гэтаю новаю, так бы мовіць, палітыкаю ды старым законам, і распрацаваны цяперашні ягоны варыянт. 48 старонак праекту скіраваныя на тое, каб паставіць зьнішчэньне беларускае сыстэмы адукацыі на "законныя" рэйкі.

Ужо прадмова праекту выбівае з рук нацыянальна сьведамых пэдагогаў юрыдычныя падставы для выхаваньня й навучаньня школьнікаў на нацыянальных традыцыях. У навучальных установах забараняецца дзейнасьць палітычных арганізацыяў, пад што падпадуць найперш адраджэнцкія структуры ды іхныя прадстаўнікі. Скажам, няўгодныя рэжыму пісьменьнікі, якія і без таго ня маюць доступу да школьна-студэнцкіх аўдыторыяў, у выпадку прыняцьця новага Закону пазбавяцца ўсялякіх кантактаў са сваімі юнымі чытачамі.

Чытаем далей…

Пяты артыкул першага разьдзелу рэглямэнтуе мову навучаньня й выхаваньня. У ім зноў, як і за савецкім часам, уводзіцца сыстэма вызваленьня ад абавязковага вывучэньня мовы карэнных насельнікаў краіны. Што прыхаванае за наступнаю фармулёўкаю: "Вывучэньне навучэнцамі беларускае, расейскае ды аднае з замежных моваў у агульнаадукацыйных навукова-выхаваўчых установах Рэспублікі зьяўляецца абавязковым ЗА ВЫКЛЮЧЭНЬНЕМ асобных катэгорыяў асобаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця".

Гэты ж артыкул утрымлівае яшчэ адную прынцыпова важную фармулёўку, якая гучыць наступным чынам: "Грамадзяне маюць права на выбар мовы навучаньня ды выхаваньня ў межах магчымасьцяў, якія прадстаўляе сыстэма адукацыі". Як вядома з практыкі, што ўсталявалася пасьля травеньскага, 1995 году рэфэрэндуму, ворганы сыстэмы адукацыі пры адмаўленьні бацьком у праве навучаньня іхных дзяцей на роднай мове якраз і спасылаліся на гэтыя самыя "магчымасьці", якіх зь нібыта фінансавых цяжкасьцяў у іх зазвычай не было…

Але быў Закон, які даваў права вучыцца на роднай мове і права патрабаваць забесьпячэньня гэтага права. У выпадку ўвядзеньня працытаванае заканадаўчае нормы ў нацыянальна-сьведамых бацькоў ніякае заканадаўчае нормы ўжо ня будзе, а застанецца толькі спасылка на магчымасьці… — якіх, як вядома, для беларусаў у кіроўнай улады ад 1995 году няма.

Наступны абзац гэтага артыкулу зводзіць тытульную нацыю краіны да гэтак званае "нацыянальнае супольнасьці", якая ў адукацыі мае прыкладна такія ж правы як нацыянальныя мяншыні, што ў ёй пражываюць. У новым варыянце закону яны сфармуляваныя наступным чынам: "Ва ўзгадненьні зь Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь могуць стварацца дашкольныя ўстановы або агульнаадукацыйныя школы, у якіх адукацыйны працэс ажыцьцяўляецца на мове нацыянальнае супольнасьці".

…А пра мову вышэйшае адукацыі праект зусім нічога ня згадвае — відаць, законатворцы лічаць адсутнасьць нацыянальных унівэрсытэтаў цалкам нармальнаю зьяваю — няма таго, што трэба зачыняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG