Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Перадкалядную творчую сустрэчу сяброў, выхаванцаў ды прыхільнікаў таленту Ларысы Сімаковіч ладзіць 23 сьнежня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры фольк-тэатар "Госьціца".

Музыка. Гучыць "Госьціца" — фольк-тэатар пры Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Калектыў гэты непадобны ні да воднага са шматлікіх цяпер фальклёрных гуртоў. Гаворыць салістка "Госьціцы" Сьвятлана Яфімава:

(Яфімава: ) "У нашых сёньняшніх кампазыцыях паказваецца пошук чалавекам сэнсу гэтага жыцьця. Мы разам са сваім кіраўніком Ларысай Сімаковіч імкненмся разгадаць гэты код – код сэнсу жыцьця чалавека".

Гэты код, закладзены ў народнай творчасьці, Ларыса Сімаковіч пачала шукаць яшчэ студэнткаю кансэрваторыі. Гэта быў канец сямідзясятых — час, густа настоены стомаю ад афіцыёзу й пампэзнасьці ў культуры, выйсьце зь якое многім бачылася ў заглыбленьні ў спрадвечную народную культуру. Абставіны паспрыялі таму, што Ларыса Сімаковіч сустрэлася з такімі ж пошукамі студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту. У выніку, у 80-м годзе ўзьнікла беларуская сьпеўна-драматычная Майстроўня.

Спэктаклі Майстроўні вельмі хутка выйшлі па-за межы звычайнае студэнцкае самадзейнасьці. Майстроўцы разам са сваім кіраўніком успрымалі фальклёр як сыстэму сьветагляду, што непазьбежна вяло да пытаньняў пра нацыянальную саматоеснасьць. Гэта выклікала падвышаную цікавасьць да новага калектыву і асабліва да ягонага кіраўніка. Урэшце Ларысу Сімаковіч выжылі з унівэрсытэту. На нейкі час Майстроўня знайшла прытулак у Палацы культуры Белсаўпрофу, але не надоўга.

Далей Ларыса блукала па менскіх прадпрыемствах, ствараючы там фольк-гурты, але гэта не магло задаволіць прафэсіяналку, якая да таго часу пасьпела атрымаць яшчэ адзін кансэрваторскі дыплём, цяпер у клясе кампазыцыі. Рамкі заводзкае самадзейнасьці ціснулі на багата адораную творчую асобу і яна вырашыла сабраць групу зусім маленькіх дзяцей. Каб укласьці ў іх сваё непаўторнае разуменьне ролі фальклёру для сучаснага чалавека. Так узьнік фольк-тэатар "Госьціца".

Гаворыць хормайстар "Госьціцы" Валянціна Барысеева-Радкевіч.

(Барысеева: ) "З самага пачатку мы пачыналі з трохгадовачак. Нашыя дзеці ўжо выступаюць на конкурсах піяністаў, у розных плынях мастацтва. Усе гэта не прайшло без уплыву Ларысы Іванаўны, без яе вачэй, без яе рукі, без яе сэрца. Проста цягнуцца людзі. Прайшлі ўсе анталёгіі, мажэйкінскія зборнікі – гэта ўсё мы зрабілі з дзецьмі. Акадэмічныя выданьні, усе тамы, шмат чаго запісана. Проста так атрымалася, што мы мала гучым у эфіры. А так, каб гэта ўсё пускалася, хаця б дзяцей…"

Цяпер дзіцячы склад "Госьціцы" працуе самастойна пад кіраўніцтвам выхаванкі Ларысы Сімаковіч Тацяны Пладуновай. Перад Калядамі былыя вучні вырашылі зрабіць сваёй настаўніцы падарунак, зладзіўшы ейную творчую вечарыну. На якую і запрашаюць усіх колішніх ды цяперашніх прыхільнікаў Ларысы Сімаковіч.

Гаворыць Тацяна Пладунова.

(Пладунова: ) "Я хачу запрасіць на тую вечарыну, якая адбудзецца 23 сьнежня, якраз у перадкалядні час, а 16 гадзіне ў Нацыянальным Музэі на Карла Маркса 12, на тую вечарыну, якая дапаможа нам зноў згадаць пра сябе, што мы народ, што мы беларусы, што мы жывем у тым фальклёрным часе, які некалі распачала Ларыса Сімаковіч яшчэ ў "Майстроўні", працягвала ў "Дзяньніцы", "Госьціцы" і зараз "Госьціца" жыве".

Да запрашэньня дадамо, што вечарына гэтая — ня проста падарунак удзячных вучняў, але нешта большае. Прыйдзіце й дазнаецеся самі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG