Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сустрэць новы год, новае стагодзьдзе і новае тысячагодзьдзе з гарэлкамі "Традиция" і "Адмирал" прапанавалі на прэсавай канфэрэнцыі вытворцы беларускіх моцных напояў. Журналісты не адмовіліся прадэгуставаць навінкі. Але, акрамя смаку, іх, як і ўсіх спажыўцоў, цікавілі, найперш, новыя цэны.

Гарэлкі "Традиция" і "Адмирал" — гэта навінкі мінаючага стагодзьдзя. Калі верыць вытворцам, дык мы маем справу з абсалютна новай рэцэптураю. Напрыклад, у "Традицию" ўваходзіць бурштынавая кіслата, якая вяртае страчаны імунітэт і адначасова зьніжае сындром пахмельля. Вінная кіслата, што дадаецца ў "Адмирал", зьмякчае смак гарэлкі й вызваляе яе ад гаркавасьці. Дарэчы, моцнасьць "Адмирала" — 45 градусаў.

Паводле сваёй якасьці гэтыя напоі набліжаюцца да славутага "Усяслава-чарадзея", але каштаваць будуць нашмат таньней. Дарэчы слова "грошы" гучала на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, бадай, не радзей за слова "гарэлка". І вось пра што мы дазналіся.

Усе спробы прадаць на міжнародным рынку беларускую гарэлку па $1,20 за паўлітровую бутэльку або нават роўна за $1 посьпеху не прыносяць. Такі прайс-ліст не задавальняе замежнікаў. Лепшае, на што можна разьлічваць — гэта 45 пфэнінгаў за бутэльку. Як ня дзіўна, але й гэтая цана выгодная. Як высьветлілася, гарэлка дае ня проста прыбытак, а нават гіпэр-прыбатак.

Калі ж журналісты запыталіся — чаму ж у беларускіх крамах трэба плаціць за пляшку больш як даляр, у адказ гаспадары сказалі: 80 адсоткаў грошай ідуць у падаткі. А чаму такі дарагі "Ўсяслаў-чарадзей"? — Бутэльку для яго вырабляюць у Францыі і каштуе яна амаль 5 даляраў.

Вытворцы скардзіліся на супярэчлівасьці жыцьця. Якасьць беларускае гарэлкі вышэйшая за замежныя, але пра гэта там ня ведаюць. У беларускіх вытворцаў катастрафічна не хапае грошай на рэкляму. Амэрыканскія партнэры на рэкламную кампанію "Усяслава чарадзея" ўклалі паўмільёны даляраў. Паводле замежных мерак гэта мізэр. А для беларусаў гэта — велізарныя грошы. Таму й застаецца жыхарам Беларусі піць лепшае за меншую цану, а замежнікам горшае, але добра разрэклямаванае. Дарэчы, за тры апошнія гады беларускія напоі на розных дэгустацыях атрымалі больш за 100 мэдалёў, прычым амаль палова зь іх — залатыя.

Работа над новай гамаю гарэлак працягваецца. На чарзе выпуск "Третьего тысячелетия", "XXI века", "Землян" і "Чорнага бусла".

Дарэчы, беларускія назовы, акрамя "Чорнага бусла" будуць у вінах "Скарбонка", "Шляхцянка" й "Лясны скарб". У масавы продаж яны паступяць ужо ў новым годзе.

А скончыць гэты матэрыял хачу наступным: як непасрэдны ўдзельнік сёньняшняй канфэрэнцыі, цалкам пагаджаюся зь вядомым сатырыкам Міхалам Жванецкім — гарэлка ў малых дозах ня шкодзіць… у любой колькасьці.

XS
SM
MD
LG