Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Напярэдадні Раства Хрыстовага ды Новага году на адмысловых Дошках абвестак і проста на электрычных слупах ды сьценах дамоў у гарадох і мястэчках Меншчыны паболела расклеенае рукапіснае і нават друкаванае на кампутарах інфармацыі. Яна, паводле задумы аўтараў, павінна стварыць вясёлы і ўрачысты настрой у землякоў. Пра іхную рэакцыю на асобныя абвесткі распавядае наш карэспандэнт Алесь Мікалайчанка.

Сярод аб'яваў мінакі найперш чытаюць маляўнічыя ўлёткі, выдадзеныя дзяржаўнымі ўстановамі. Зьмест іхны звычайна зводзіцца да прапановы зарганізаваць для дзяцей калядныя ці навагоднія сурпрызы.

Такую абвестку я ўбачыў у адным аддзеле сувязі Барысава. У першым абзацы паведамлялася пра тое, што ў сьвяточныя дні зь мясцовага паштамту да дзетак накіруецца Дзед Мароз зь мехам падарункаў. А ў другім тлумачылася, як гэткі мех будзе гарбузавацца:

"Арганізаваць сьвята трэба бацькам: прыносьце падарункі на вузел паштовае сувязі ды афармляйце заказ. Наведваньне вашае кватэры Дзедам Марозам каштуе 3 тысячы рублёў".

Нейкі дзядзька гадоў за пяцьдзясят, які разам са мною чытаў гэты допіс, пачухаў патыліцу:

"Тры тысячы рублёў? За Дзеда Мароза? Які можа ў тваю кватэру прыйсьці "паддаты"? І за Сьнягурку ня першае маладосьці? Гэта ўжо вельмі крута!"

І яшчэ адна ўлётка кідалася ў вочы жыхарам гораду на дошцы аб'яваў на Прывакзальным пляцу. Кінатэатар "Кастрычнік" запрашаў на сьвяточныя дыскатэкі тутэйшых студэнтаў. А каб запрашэньне было пераканаўчым, ягоныя аўтары заманьвалі моладзь на маючыя адбыцца скокі вось такім вершам:

"Танцы, музыка і сьмех — сьцены аж хістае,
То барысаўскі студэнт у "Кастрычніку" гуляе".

"Проста бязглузда й глупа", — выказалася нейкая юная чытачка аб'явы, якая зазначыла, што на дыскатэках у кінатэатры "Кастрычнік" хістаюцца ня толькі сьцены, але й п'янаватыя кавалеры, якія, мабыць, і ўчынілі вось такі шэдэўр.

У Барысаве, і ў суседніх гарадох — Жодзіне, Смалявічах ды ў самай сталіцы сапсавала калядны настрой людзям віншаванка ад Менскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ды прыродаахоўнае дружыны Тэхналягічнага унівэрсытэту.

Тую абвестку на слупах чыгуначных станцыяў адразу ж могуць бачыць пасажыры электрацягнікоў, якія вяртаюцца дадому. Яна мае кідкі загаловак: "Заплаціў — зьсячы!"А яшчэ — малюнак: да ствала высачэзнай елкі прывязаны лейкамі да ствала самавольны сечнік навагодняе прыгажуні, а насупраць зламысьніка — падатковы інспэктар, што выпісвае паланёнаму браканьеру штраф. Як вынікае з тэксту, да 25 мінімальных заробкаў. Акрамя таго, аўтары абяцаюць кожнаму чытачу: калі вы ня маеце квітку аплаты за елку, дык "робіцеся парушальнікам і падлягаеце адміністрацыйнай адказнасьці. Жадаем шчасьлівых навагодніх сьвятаў".

"Я думаю, тут парушаная прэзумпцыя невінаватасьці", — сказаў адзін мужчына на станцыі Інстытут культуры ў Менску.

А жанчына сталага веку ў Смалявічах выказалася гэтак:

"Ахінея нейкая! Вось дык павіншаваў народ Лука! Не дарэмна ў адной электрычцы на электрашчыце нехта напісаў флямастэрам: "Толькі снайпэр уратуе Беларусь".

І дадала: "як гукнецца, гэтак і адгукнецца".

XS
SM
MD
LG