Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

20 сьнежня ў Вашынгтоне памёр вядомы прадстаўнік беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Кангрэсавага камітэту Расьціслаў Завістовіч. Гаворыць Янка Запруднік.

(Запруднік: ) "Яму было 72 гады. Ён хварэў апошні час – сэрца і іншае. Ён быў выдатным беларусам, выдатным дзеячом. Апошнія 10 гадоў ён займаў становішча старшыні Беларускага Кангрэсавага камітэту Амэрыкі. Кангрэсавы камітэт быў заснаваны ў 1951 годзе, яго першым старшынём быў доктар Мікалай Шчорс, другім Іван Касяк, трэйцім якраз Расьціслаў Завістовіч.

Быў Расьціслаў вельмі дзейны, жыў недалёка Вашынгтону, працаваў некалі ў Кангрэсавай бібліятэцы і ўвесь час па выхадзе на пэнсію займаўся актыўнай беларускай дзейнасьцю – быў свайго роду лябістам у Вашынгтоне. Быў таксама журналістам, супрацоўнічаў, пісаў, публікаваўся ў такіх выданьнях, як "Беларускі дайджэст", "Беларуская думка" ды іншых.

Жывучы недалёка ад Вашынгтону, яму лёгка было браць удзел у некаторых міжнацыянальных арганізацыях, якія дзейнічаюць у Вашынгтоне. Гэткім парадкам ён прадстаўляў Беларусь у Кааліцыі ўсходнеэўрапейскіх нацыянальных арганізацыяў, якая старалася памагчы сваім народам пасьля 1991 году ў замацаваньні незалежнасьці, дэмакратыі, рэформаў. Ён часта наведваў Дзярждэпартамэнт, Раду бясьпекі, Белы Дом, сустракаўся з палітычнымі фігурамі высокага ўзроўню Злучаных Штатаў. Быў гарачым беларускім патрыётам, добрым сем'янінам, і сьмерць ягоная – гэта вялікая страта і для ягонай сям'і, і для беларускай гарамды ў Амэрыцы, і для ўсяе Беларусі, на дабро якое ён шчыра працаваў.

Вечная памяць сьветлай памяці Расьціславу Завістовічу".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG