Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Шырокай грамадзкасьці даведзена пра стварэньне рэспубліканскага аб'яднаньня "Гістарычнае таварыства "Трасьцянец". Гэта чарговая спроба праз дзесяцігодзьдзі ўвекавечыць памяць паўмільёны ахвяраў аднаго з буйнейшых ў Эўропе гітлераўскага лягеру сьмерці.

Кіраўніком грамадзкага аб'яднаньня абраны вядомы архітэктар Леанід Левін, аўтар шэрагу вайсковых мэмарыялаў. У склад таварыства таксама ўвайшлі гісторыкі, архітэктары, прадстаўнікі Міністэрства абароны, Дзяржкамархіву ды іншых дзяржаўных ведамстваў.

Гэта ня першая спроба акцэнтаваць увагу на тым, што гэтак званая "братэрская магіла" Эўропы цягам дзесяцігодзьдзя пераўтвораная ў пустку ды сьметнік. Але ўсе папярэднія спробы зводзіліся да таго, што з-за бюракратычнай абыякавасьці агромністая тэрыторыя (а гэта амаль 400 га) заставалася кінутай ды нікому не патрэбнаю. У 1963 годзе тут быў пастаўлены помнік, які ні паводле архітэктурнага ўвасабленьня, ні мастацкіх якасьцяў не адпавядаў элемэнтарным патрабаваньням.

Неабходнасьць стварэньня чарговай ініцыятывы тлумачыць Яўген Цумараў, які зьяўляецца старшынём гісторыка-мэмарыяльнага фонду "Трасьцянец", а зараз таксама ўваходзіць ў новае грамадзкае аб'яднаньне.

(Цумараў: ) "Рэспубліка Беларусь цягам апошніх год магла б паступова вырашыць гэтую праблему з вялікім маральным выйгрышам для краіны, таму што ўшанаваньне памяці вялікай колькасьці ахвяраў міжнаролднага лягера сьмерці надала б у вачах цывілізаванага сьвету вельмі прывабны выгляд Беларусі. Але дзяржава ў асобе ейнага сёньняшняга кіраўніцтва не гатовая вырашаць усе тыя праблемы, якія мы маем у Трасьцянцы. Таму і створаная нашая арганізацыя. Мы шукаем магчымасьць вырашыць лёс Трасьцянца і з дапамогай грамадзкай супольнасьці, якая існуе за мяжой. Гэтыя краіны і міжнародныя арганізацыі гатовыя аказаць падтрымку, але з пэўным удзелам і беларускага боку. Такую ношу нашая арганізацыя ўскладае на сябе, каб быць пасярэднікам у перамоўным працэсе".

Гэта быў гісторык Яўген Цумараў.

Трасьцянецкі канвэер сьмерці працаваў зь лістападу 1941 году да ліпеня 44-га. Паводле пасьляваенных энцыкляпэдычных зьвестак, цягам гэтага часу было зьнішчана 206 тысячаў ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў. Асноўную колькасьць складалі беларускія гэбраі і гэбраі з шэрагу эўрапейскіх краінаў — Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславаччыны, Францыі, Галяндыі ды іншых. Сучасныя навукоўцы, на падставе архіўных дадзеных, успамінаў ды апытаньняў відавочцаў і ўласных кваліфікаваных дасьледваньняў на мейсцы зьнішчэньня пяць год таму назвалі іншую колькасьць ахвяраў — 546 тысячаў.

Пацьвердзіць гэтую лічбу дастаткова цяжка, бо, у адрозьненьне ад грамадзянаў эўрапейскіх краінаў, дадзеныя на якіх дагэтуль захоўваюцца ў замежных архівах, савецкія грамадзяне выступалі ў якасьці выключна "гарматнага мяса". Таму часта даводзілася зыходзіць з супольнае колькасьці масы касьцей або попелу.

У кожным выпадку канцэнтрацыйны лягер у Трасьцянцы — найбуйнейшы паводле колькасьці закатаваных на тэрыторыі былога СССР і трэці — пасьля Асьвенцыму й Майданэку ў Эўропе. Але замест гістарычнага мэмарыялу крывавая тэрыторыя пераўтвораная ў сьметнік, а на частцы плошчаў узьведзеныя прамысловыя пабудовы.

Камэнтуе сытуацыю старшыня гістарычнага таварыства "Трасьцянец" Леанід Левін:

(Левін: ) "У сёньняшнім выступе прафэсара Іёфэ прагучала, што ганебная абыякавасьць да Трасьцянца тлумачыцца антысэмітызмам, які быў часткаю дзяржаўнае палітыкі пасьляваеннага Савецкага Саюзу: маўляў, калі пацярпелі гэбраі, няма чаго падымаць гэтулькі шуму?"

Гаварыў архітэктар Леанід Левін.

Пакуль што пэрспэктывы аднаўленьня Трасьцянца існуюць у выглядзе даведачнае дакумэнтацыі і архітэктурных эскізаў мэмарыялу. Колькі часу пойдзе на, так бы мовіць, "апрацоўку" чынавенцтва, пакуль не рызыкуе прагназаваць ніхто. Але ўжо цяпер кіраўніцтва аб'яднаньня мае намер прыцягнуць да справы ня толькі беларускіх інвэстараў, якім не абыякавая памяць пра паўмільёны загіблых. Пятую частку закатаваных фашыстоўцамі ў Трасьцянцы складаюць прадстаўнікі як мінімум васьмі эўрапейскіх краінаў. Значыцца, гэты боль — агульны…

XS
SM
MD
LG