Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 21 сьнежня)
Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай вырашыў правесьці ў лютым наступнага году акцыю пратэсту супраць сацыяльна-эканамічнага курсу ўладаў, а таксама — адмовіцца ад падпісаньня з урадам і працадаўцамі Генэральнага пагадненьня.

Падставаю да правядзеньня акцыі, на думку кіраўнікоў Фэдэрацыі, сталася зьбядненьне працоўных. Камэнтуючы для нашага радыё сёньняшняе рашэньне, старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык, зазначыў:

(Ганчарык: ) "Улічваючы тое, што ёсьць сур'ёзныя праблемы з суадносінамі заробкаў і цэнаў, прынятае рашэньне прэзыдыюма правесьці акцыю пратэсту супраць такой палітыкі, якая вядзе да беднасьці боьшасьці насельніцтва, 14 лютага налета".

(Карэспандэнт: ) "Ведама, што частка прафсаюзных лідэраў даволі стрымана ставіцца да актыўных формаў пратэсту…"

(Ганчарык: ) "Так, ёсьць частка прафсаюзаў, якая стрымана адносіцца да гэтай акцыі, але гэта іх праблема. Я думаю, што ня ўсе члены прафсаюзаў прытрымліваюцца такой тактыкі. Акцыя адбудзецца ў любым выпадку, і абсалютная большасьць прафсаюзаў прагаласавала "за". Гэта рашэньне ня толькі прэзыдыюма. Гэта падтрымана апытаньнямі і сходамі, якія адбыліся ў нізавых арганізацыях, у працоўных калектывах".

— паведаміў Уладзімер Ганчарык.

Яшчэ адной надзённай тэмаю, што абмяркоўвалася сёньня кіраўнікамі Фэдэрацыі, сталася вызначэньне пазыцыі прафсаюзаў у пытаньні падпісаньня Генэральнага пагадненьня. Рэч у тым, што літаральна ўчора першы віцэ-прэм'ер ураду Андрэй Кабякоў у размове са спадаром Ганчарыкам заявіў яму пра адмову ўладаў ад папярэдніх дамоўленасьцяў з прафсаюзамі.

У прыватнасьці, урад, паводле інфармацыі прафсаюзаў, ужо не жадае індэксаваць узровень гэтак званага "пражытковага мінімуму". Гэта азначае, што ўлады здымаюць зь сябе адказнасьць за сацыяльны клопат пра найбольш бедную частку насельнікаў краіны. Вынікам гэтага будзе штучнае зьмяншэньне колькасьці бедных у Беларусі.

Адмовіўся ўрад і ад пазыцыі, узгодненае раней з прафсаюзамі, паводле якой меркавалася больш хутка павялічваць заробкі працаўнікам бюджэтнае сфэры. Першы віцэ-прэм'ер Кабякоў абвясьціў таксама, што ўрад скасоўвае дамоўленасьці і ў пытаньні падатковых ільготаў для грамадзянаў зь нізкімі даходамі. Адбылася ўрадавая рэвізыя дамоўленасьцяў і ў такіх пытаньнях як даходы вяскоўцаў ды аздараўленьне працоўных.

Нарэшце, улады адмовіліся ад кампрамісу з прафсаюзамі, паводле якога зьмякчаліся б сацыяльныя наступствы заплянаванага перагляду ў наступным годзе палітыкі перакрыжаванага субсыдаваньня.

У выніку, як мяркуюць прадстаўнікі прафсаюзаў, павелічэньне сярэдняга заробку да 100 даляраў на самрэч зробіць беларусаў яшчэ больш беднымі, бо ў наступным годе ўлады зьбіраюцца істотна падвысіць тарыфы для насельнікаў у жыльлёва-камунальнай сфэры. Таму прэзыдыюм Фэдэрацыі мусіў сёньня адрэагаваць на гэты крок ураду напярэдадні заплянаванага на бліжэйшы час падпісаньня Генэральнага пагадненьня. Як паведаміў Уладзімер Ганчарык, рашэньне прафсаюзнага кіраўніцтва было наступным:

(Ганчарык: ) "Улічваючы, што паведзеная рэвізія з боку міністэрстваў, і пазыцыя ўраду ў гэтым выпадку нам незразумелая, то мы не маглі пагадзіцца, і ў такім выглядзе падпісаньне генэральнага пагадненьня не адбудзецца, і не адбудзецца пакуль і паседжаньне нацыянальнага савету".

(Карэспандэнт: ) "Ці ішла сёньня размова аб удзеле прафсаюзаў у палітычным жыцьці краіны, у прыватнасьці, у кампаніі па выбарах прэыздэнта краіны 2001 году?"

(Ганчарык: ) "Так, прапрацоўвалася пытаньне, і ў плян яно ўключанае, аб правядзеньні ў першым квартале (напэўна, гэта будзе ў студзені) пленума Савета Фэдэрацыі прафсаюзаў, які і вырашыць гэтую праблему".

— зазначыў Уладзімер Ганчарык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG