Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонка дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Андрэя Клімава Тацяна Леановіч просіць дапамагчы сабраць 96 тысячаў даляраў, каб пакрыць прызнаныя судом страты й вызваліць Андрэя Клімава зь вязьніцы. Тацяна Леановіч кажа, што пад пагрозаю знаходзіцца здароўе і нават жыцьцё ейнага мужа.

20 студзеня наступнага году завяршаецца амністыя, цягам якой у Андрэя Клімава ёсьць магчымасьць, пакрыўшы прызнаныя судом страты, выйсьці датэрмінова на волю. Калі гэтую магчымасьць не скарыстаць, дэпутат застанецца за кратамі яшчэ тры гады.

Між тым, здароўе Клімава, сьцьвярджае ягоная жонка Тацяна Леановіч, пагаршаецца. У турме ён набыў хваробу сэрца й цукровы дыябэт. Жанчана перакананая, што турэмныя ўмовы, у якіх знаходзіцца ейны муж, не сумяшчальныя зь ягоным станам здароўя.

Вось чаму Тацяна Леановіч зьвяртаецца да грамадзянаў Беларусі й міжнароднае супольнасьці з заклікам дапамагчы. Яна лічыць, што калі сабраць патрэбныя грошы — а гэта 116 мільёнаў беларускіх рублёў або 96 тысячаў даляраў і сплаціць іх ў казну ў пакрыцьцё стратаў, дык удасца выратаваць Андрэя Клімава. Такая выплата не пашкодзіць, кажа Тацяна, далей дамагацца перагляду справы й скасаваньня прысуду.

Яшчэ спадарыня Леановіч папярэджвае, што такі зварот — ейная асабістая ініцыятыва. Паводле ейных словаў, Андрэй Клімаў гэткія дзеяньні не ўхваляе. Учора зь ім сустракалася адвакатка й размаўляла на гэтую тэму, але ён сваёй згоды ня даў. Тым ня менш, жанчына вырашыла зьвярнуцца з гэтай цяжкой просьбаю да тых, хто ведае Андрэя ды іншых людзей добрае волі, бо ўжо празь месяц магчымасьць датэрміновага выхаду на волю будзе страчаная, а на літасьць беларускіх уладаў разьлічваць не даводзіцца.

Вось што сказала сёньня Тацяна Леановіч радыё Свабода:

(Леановіч: ) "Мой муж невінаваты. Ён будаваў іх пракляты дом па дагаварной цане, якую не перакрочыў. Зь ім не разьлічыліся, і яго ж пасадзілі за краты і цяпер яшчэ патрабуюць выкуп за яго свабоду. Так я разумею гэтую сытуацыю. Што гэта, калі не палітычны тэрарызм?"

(Карэспандэнт: ) "Ці зьбіраецца Андрэй потым абскарджваць гэты прысуд?"

(Леановіч: ) "Так, хочацца кінуць ім гэтыя грошы, каб яны падавіліся. Калі Андрэй будзе на свабодзе, зь ім ужо вымушаныя будуць расквітацца па падрадах, па дамовах, паводле якіх ён будаваў дом. Гэта прыкладна каля 200 тысяч даляраў. Тады трэба ў грамадзянскай справе падаваць пазоў і выйграваць яе".

(Карэспандэнт: ) "Шмат чутак хадзіла, што ў Андрэя засталіся нейкія кватэры, нейкая маёмасьць?.."

(Леановіч: ) "Маёмасьці ніякай няма. Андрэй не любіў укладаць грошы ў нерухомасьць. Ён любіў, каб грошы круціліся, прыносілі прыбытак. Нерухомасьць адзіная, дзе мы жывем – нашая прыватная кватэра. Вось і ўся нерухомасьц".

(Карэспандэнт: ) "Ці праўда, што ў Вас вельмі цяжкае матэрыяльнае становішча?"

(Леановіч: ) "Ня хочацца скардзіцца, але аб'ектыўна так".

(Карэспандэнт: ) "Хто, на Вашую думку, можа дапамагчы, на каго можна разьлічваць?"

(Леановіч: ) "Я разьлічваю на міжнародную супольнасьць, на АБСЭ, якая аб'ядноўвае 54 краіны. Я лічу, што сума ў 96 тысяч даляраў – ня вельмі вялікая, але яна падорыць Андрэю свабоду, а можа і жыцьцё".

Гэта была жонка дэпутата Андрэя Клімава Тацяна Леановіч, якая разьлічвае на дапамогу ў справе вызваленьня ейнага мужа з беларускай турмы.

XS
SM
MD
LG