Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Каляднае пасланьне Апостальскага візытатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

ПАЧЫНАЮЧЫ ТРЭЦЯЕ ТЫСЯЧАГОДЗЬДЗЕ.

Сёлета мне прыходзілася часта чуць спрэчкі пра тое, ці мы жывем ужо ў трэцім тысячагодзьдзі, ці яшчэ не. За тыдзень, 1 студзеня 2001 году, гэтае пытаньне будзе канчаткова вырашанае.

Дзьве тысячы гадоў хрысьціянства – значны рубеж ня толькі ў гісторыі Царквы, але і ўсяго чалавецтва. Таму хочацца азірнуцца назад, падвесьці рахункі – не каб судзіць гісторыю, – лёгка быць разумным пасьля падзеі, – але каб ведаць, зь якім багажом мы ўваходзім у трэцяе тысячагодзьдзе.

Працэс г.зв. глябалізацыі – адна з найбольш характэрных рысаў нашага часу. Дзякуючы хуткаму разьвіцьцю сродкаў транспарту і масавай камунікацыі сьвет быццам бы зрабіўся меншым. Усё, што здараецца ў самым глухім кутку зямлі, адразу стаецца вядомым ва ўсім сьвеце. Амаль аднолькавым робіцца паўсюль стыль жыцьця, паводле стандартаў адной масавае культуры. Адным словам, як часта цяпер можна пачуць, жывем у глябальнай вёсцы. Гэты працэс глябалізацыі нясе з сабой небясьпеку страты індывідуальнасьці, што было б вялікай шкодай. Зь іншага боку, ён узмацняе ў нас адчуваньне адзінства ўсяго стварэньня і адказнасьці за ягоны лёс. Сёньня ўжо немагчыма разьбіць чалавецтва на маленькія аўтаномныя групы, кожная зь якіх жыве сваім жыцьцём, не зьвяртаючы ўвагі на іншых. З горкага досьведу мы таксама ведаем, што прагрэс навукі, не абмежаваны маральнымі тармазамі і пачуцьцём адказнасьці за вынікі, можа прывесьці да вялікіх няшчасьцяў. Таму сёньня зьявілася столькі групаў, рухаў і арганізацыяў, якія выказваюць сваю заклапочанасьць станам навакольнага асяродзьдзя (Грынпіс, Сябры Зямлі і г. д.) і чалавецтва (Амнэсты Інтэрнэшнл і інш.). Іхнія мэтады дзейнасьці могуць ня ўсім падабацца, але нельга адмовіць у слушнасьці іхніх прынцыпаў.

Пасьля кожнага дня стварэньня Бог бачыў, што гэта было добра (Бц 1:10). Ён стварыў добры сьвет, багаты на розныя формы існаваньня, але адзіны паводле свайго прынцыпу і мэтанакіраванасьці. Гэта быў упарадкаваны сьвет, дзе кожнае стварэньне мела сваё месца і мэту. Чалавек, захацеўшы быць як Бог, дзеля свае абмежаванасьці будучы ня ў стане прадбачыць вынікаў сваіх дзеяньняў, парушыў гэтую еднасьць і страціў пачуцьцё адказнасьці за іншых. Калі Бог запытаўся ў Каіна, які забіў Абэля, дзе ягоны брат, той адказаў: Ці ж я вартаўнік брату свайму? (Бц 4:10).

Галоўным вынікам прыйсьця Хрыста было аднаўленьне страчанае еднасьці ўсяго стварэньня. Гэтая еднасьць можа быць толькі ў Богу, як добра кажа сьвяты Павал: У Хрысьце Бог паяднаў з сабою сьвет (2 Кар 5:19). Таму няма больш ні габрэя, ні грэка, няма нявольніка ані свабоднага, няма мужчыны ані жанчыны, але ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе (Гал 3:28). Зьеднаныя ў Богу, мы адчуваем адказнасьць за іншых і за сьвет, у якім жывем. Вось у гэтым прынцып "Божай глябалізацыі".

Два тысячагодзьдзі Царква прапаведуе вестку пра паяднаньне ўсіх з Богам праз Хрыста. На жаль, ейны голас не даходзіць да ўсіх, магчыма таму, што сярод нас, якія называем сябе хрысьціянамі, няма згоды. Зноў такі, ня нам шукаць вінаватых. Відаць, што ў Сьвятой Царкве Хрыстовай людзкі складнік, у адрозьненьне ад боскага, далёка не дасканалы. Адной з важных характарыстыкаў мінулага стагодзьдзя быў рост занепакоенасьці падзелам паміж тымі, хто носіць імя Хрыста, і пошук шляхоў да паяднаньня. Будзем спадзявацца, што высілкі ў гэтым напрамку з новай моцай будуць працягвацца ў трэцім тысячагодзьдзі. Шлях да еднасьці будзе доўгім і цярністым, але зьнявервацца нельга.

Мне прыгадваецца гісторыя, якую некалі расказаў сьвятое памяці біскуп Баляслаў Слоскан, апосталькі адміністратар Менска-Магілёўскае дыяцэзіі. Пасьля адбыцьця зьняволеньня на Салаўках ён быў высланы ў нейкую сібірскую вёску на так званае "вольнае пасяленьне", зразумела, пад наглядам уладаў. Калі ён шукаў сабе кватэру, яму параілі спытацца ў адной удавы, якая прымала ўсіх "страньнікаў". Пастукаўшы ў дзьверы, ён пабачыў перад сабой старую кабету. Слоскан сказаў, чаго яму трэба і дадаў, што ён каталіцкі біскуп.

– Каталіцкі біскуп, – адказала старая, якая нічога ня чула пра такіх, – а ты ў Бога верыш?
– Веру, – адказаў Слоскан.
– А ў Госпада нашага Ісуса Хрыста верыш?
– Веру.
– А Найсьвятую Багародзіцу шануеш?
– Шаную.
– А гарэлку п'еш?
– Ня п'ю.
– Дык ты такі ж хрысьціянін, як і мы, – вырашыла старая. – Можаш жыць у мяне на кватэры.

Думаю, што перш, чым думаць пра адрозьненьні, нам варта зьвярнуць увагу на тое, што нас лучыць, як зрабіла тая старая, што "праэкзаменавала" біскупа.

На такой думцы я хацеў бы разьвітацца з вамі, дарагія слухачы, і пажадаць усім у гэтае вялікае сьвята Нараджэньня Хрыстовага шчасьця і ласкі Божай у новым годзе.

а. Аляксандар Надсан,
Каляды 2000.

XS
SM
MD
LG