Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Агляд чарговага нумару штотыднёвіка "Рабочы".

Гэты нумар – апошні сёлета. Нумар незвычайны: на першай старонцы галоўны рэдактар газеты Віктар Івашкевіч у калядным уборы, але з мегафонам у руцэ віншуе чытачоў з сутыкненьнем сьвятаў: новага году, новага веку, новага тысячагодзьдзя, Нараджэньня Хрыстовага і прапаноўвае віртуальнае застольле. Газэту можна раскласьці так, што на намаляваным стале зьявяцца стравы і напоі, а вакол стала ўжо сядзяць добрыя людзі. Тут і рабочы менскага электратэхнічнага заводу Яўген Ціхановіч са сваімі вершамі, і экс-міністар працы Аляксандар Сасноў з байкай, як ён сустракаў новы год у арміі і рэцэптамі страваў і напояў, і старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька з навагоднім тостам.

Хочацца працытаваць тэлеграму з Польшчы ад Яцэка Кураня, заснавальніка Камітэту абароны рабочых, які пазней ператварыўся у рабочы рух "Салідарнасьць". Вось што кажа Курань: "Гісторыя аб'яднала нашыя народы ў шчасьці і бядзе. Страшна падумаць, колькі зла ў свой час прынесьлі мы вам – можа, яно пераважыць дабро, але нельга, каб такое было ў будучым. Мы можам разам гэта зьмяніць – але вы мусіце нам дапамагчы. Беларусы, сябры, браты! Дапамажыце нам наблізіцца да вас, быць сапраўднымі братамі – у нас гэта атрымаецца!"

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка зычыць усім чытачам "Рабочага" шчасьця, і шчасьце гэта ў тым, што ў новае тысячагодзьдзе мы ўступаем як незалежная краіна. Пастаянны чытач і аўтар "Рабочага" з Клімавічаў Сяргей Аржанцаў даслаў свой варыянт навагодняга прэзыдэнцкага стала, на якім, як ён лічыць, павінны стаяць: ад аб`яднанай апазыцыі – вінэгрэт, ад беларускага тэлебачаньня – локшына для вушэй і язык без касцей, ад краін блока НАТА – сардэлькі "Па-югаслаўску", ад АМАПа – адбіўныя...

Супрацоўнікі маладзёвай прыкольнай газеты "НАВІНКІ", якія працуюць у галіне беларускай палітычнай псыхіятрыі, расказваюць пра свайго любімага пацыента, які як сеў у палаце на вуліцы Карла Маркса, 28, так нікога і ня хоча туды пушчаць.

Беларускі палітоляг Аляксандар Патупа за сьвяточным сталом "Рабочага" дае свой прагноз на бліжэйшае будучае. Ён, напрыклад, лічыць, што дэпутаты Законаўзяцельнага сходу будуць зьбірацца, каб абмеркаваць 1001 спосаб бяскроўнага адыманьня грошай у насельніцтва: гэта могуць быць праекты перарэгістрацыі шлюбаў і выдачы ліцэнзій на нараджэньне дзіцяці. Сыстэма дзяржкіраваньня значна палепшыцца ў сувязі са зьяўленьнем бацькаматаў. Бацькамат будзе стаяць на стале ў кожнага чыноўніка, а калі выпадзе джэк-пот, дык які-небудзь чынуша адразу стане міністрам.

Свой жарт прынес да святочнага стала і Генадзь Быкаў, старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага. Сутнасьць жарту можна выказаць у прымаўцы: калі б мы маглі зьбіраць два ўраджаі ў год, дык было б два няўроды ў год.

За імправізаваным сталом газеты "Рабочы" пяе песьні метадоляг Уладзімір Мацкевіч, прапануе свой корань жэньшэнь аграном Ірына Віяленцій, расказваюць розныя байкі і весяляць народ Станіслаў Шушкевіч і Павал Данейка, зычаць дабра і шчасця Марыя Аліева і Вера Страмкоўская... Заканчваецца віртуальнае застольле парадамі доктара Аляксандра Андрэйчука пра тое, як правільна апахмяліцца і працьверазець.

Цьвярозая галава нам вельмі патрэбная. Бо 2001 год – гэта год прэзыдэнцкіх выбараў. Таму на першай старонцы штотыднёвік друкуе біяграфіі кандыдатаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва, якія атрымалі найбольшую падтрымку сярод членаў Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Гэта Сямён Домаш і Ўладзімер Ганчарык.

А апошнюю старонку займае тэст "Які ты выбаршчык?", адрасаваны ўсім, каму споўнілася 18 гадоў, і парады, з гумарам і ўсур'ёз, як трэба выбіраць прэзыдэнта.

Чытайце апошні ў гэтым годзе нумар "Рабочага" і выбірайце, як будзеце галасаваць у недалёкім будучым – сэрцам, рукамі, нагамі, галавой альбо страўнікам. Вясёлых вам Калядаў!

XS
SM
MD
LG