Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Пратэст супраць дзяржаўнага ганараваньня невуцтва выказала на старонках газэты "Народная Воля" група вядомых беларускіх гісторыкаў, філёзафаў, літаратуразнаўцаў. Яны абураныя вылучэньнем на Дзяржаўную прэмію непісьменнага, з навуковага пункту погляду, дапаможніка гісторыі Беларусі для студэнтаў вышэйшых навучальных установаў.

У артыкуле "Бездапаможны дапаможнік", які падпісалі акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Іларыён Ігнаценка, Віктар Каваленка й Міхась Касьцюк, а таксама сем дактароў навук ды дзесяць кандыдатаў, распавядаецца пра дапаможнік у гісторыі Беларусі, які напісаў прафэсар Новік. Ён ня мае на тое ні маральнага, ні прафэсійнага права, бо ня ёсьць спэцыялістам у беларускай гісторыі. Таму дапаможнік мае антынавуковы змест.

Тым ня менш, гэтая кніжка ня толькі рэкамэндаваная Міністэрствам адукацыі для студэнтаў і выкладчыкаў, а нават вылучаная на Дзяржаўную прэмію.

Вось што нам паведаміў пра намінанта вядомы беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч, чый подпіс таксама стаіць пад артыкулам:

(Грыцкевіч: ) "Гэта чалавек, які гісторыі ня ведае. Ён займаўся гісторыяй КПСС у свой час па тэме "Кіраўніцтва Камуністычнай партыяй працэсам пабудовы сярэдніх навучальных установаў" у савецкі час, перад другой сусьветнай вайной. Нічога ён ня ведае. Але ўжо шмат гадоў загадчык катэдры ва ўнівэрсытэце інфарматыкі і ўзяўся пісаць падручнік, падладжваючыся пад цяперашнія ўмовы і палітыку кіраўніцтва Беларусі. У тым падручніку асноўныя ідэі – гэта сувязь з Расеяй, саюз з Расеяй, усё расейскае добрае, і шмат чаго яшчэ, я б сказаў, з пазыцыяў камуністычнай гістарычнай навукі: клясавая барацьба і, самае галоўнае, барацьба супраць нацыяналістаў. Гэты падручнік – гэта вяртаньне да тых савецкіх часоў, калі ўсё нацыянальнае адкідалася і крытыкавалася. А для гэтага навукі не патрэбна, як у свой час і было".

Сказаў выбітны беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч.

У сёньняшнім артыкуле навукоўцы пішуць, што прафэсар Новік, безумоўна, мае права выказваць свае думкі ў адпаведных публікацыях. Пытаньне ў іншым, і яго трэба ставіць прынцыпова: ці мае права навучальны дапаможнік зь безьліччу фактаграфічных памылак, шматлікімі дыскусійнымі й спрэчнымі высновамі прэтэндаваць на дзяржаўную прэмію краіны ў намінацыі "падручнік"? Да таго ж, ён прыняты камітэтам у справе прэміяў да разгляду ў абыход асноўных навуковых цэнтраў вывучэньня гісторыі Беларусі, без уліку прынцыповых заўвагаў спэцыялістаў.

А тым часам гэтая "гістарычная" ілжэнавука зь ідэялягічных прычынаў можа быць улаўраваная, каб яшчэ з большым імпэтам убівацца ў галовы студэнтаў.

XS
SM
MD
LG