Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У грамадзкім цэнтры Дому друку ў Менску разглядалася канцэпцыя "Бясьпекі Саюзу Расеі і Беларусі ў рэчышчы аднаўленьня Саюзнае дзяржавы". Але, акрэсьліваючы кола патэнцыйных ворагаў інтэграцыі, удзельнікі сэмінару прыйшлі да нечаканае высновы: галоўную небясьпеку для будучага Саюзнае дзяржавы тояць незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Адмысловымі гасьцямі нават ня "круглага стала", але, хутчэй — "ідэалягічнае трыбуны" былі рэктар Акадэміі стратэгічных дасьледваньняў з Санкт-Пецярбургу Аляксандар Кудзінаў і дарадца старшыні ў пытаньнях бясьпекі "Саюзнае дзяржавы" палкоўнік Аляксей Гарох. Ужо зь першых словаў выступоўцаў можна было зразумець, што абодва — зацятыя прыхільнікі палітыкі "жорсткае рукі", што праводзіць Аляксандар Лукашэнка й ваяўнічыя супраціўнікі дэмакратычных пераўтварэньняў.

Узгадаўшы посьпехі выведак абедзьвюх краінаў у справе выкрыцьця ворагаў славянскага зьбліжэньня, запрошаныя абвясьцілі шэраг кірункаў, якія пагражаюць інтэграцыйным працэсам. Але, спаслаўшыся на маральна-этычныя нормы ("каб не пакрыўдзіць агулам некаторыя дзяржавы, хоць яны таго й заслугоўваюць") ўрэшце спыніліся не на замежнай небясьпецы, але ўнутранай. Яна, паводле меркаваньня рытараў, зыходзіць ад незалежных СМІ.

Уся астатняя гутарка была пабудаваная на варыянтах лёкалізацыі няўгодных друкаваных і электронных мэдыяў. Вось што, у прыватнасьці, зазначыў акадэмік Кудзінаў:

"Многае ў пытаньні аднаўленьня Саюзнае дзяржавы залежыць ад таго, як і каму менавіта будуць падкантрольныя СМІ. У Расеі апошняе слова за прэзыдэнтам Пуціным, бо ён рэальна кантралюе галоўныя сфэры. У якое ступені ён дазволіць ахайваць ідэю стварэньня "Саюзу", настолькі будуць і пэрспэктывы нашыя з вамі", — упэўнены расейскі акадэмік Кудзінаў.

Палкоўнік Гарох, паспачуваўшы расейцу, канстатаваў, што ў Беларусі такое праблемы ўжо няма. Тады, як у Расеі губляюць час на гульні ў дэмакратыю: "…У Беларусі ўжо ніхто не перашкаджае дзяржаве дзейнічаць рашуча й жорстка", маючы на ўвазе поўны кантроль над дзяржаўнымі электроннымі й друкаванымі СМІ.

У сваю чаргу акадэмік Кудзінаў прапанаваў прысутным канцэпцыю "ўніфікаванае інфармацыйнае бясьпекі", што цягам бліжэйшага часу будзе разглядацца на паседжаньні саюзнага Камітэту ў пытаньнях бясьпекі. Тычацца гэтыя рэкамэндацыі, зразумела, недзяржаўных мэдыяў. Найперш, абавязковы фінансавы кантроль за СМІ, як у выпадках са звычайнымі таварыствамі з абмежаванай адказнасьцю ці акцыянэрнымі таварыствамі. Маўляў, з таго, што ў большасьці неафіцыйныя выданьні залежаць ад замежных інвэстараў, трэба, каб народ ведаў, пад чыю дудку танчаць "мэдыйныя алігархі". Па-другое, патрабуецца пашырыць сфэру прыцягненьня да крымінальнае адказнасьці журналістаў, якія дазваляюць "хамскія" (цытата) выказваньні ў бок апанэнтаў. У якасьці патэнцыйных "зэкаў" называліся Дарэнка й Шандаровіч — першыя ворагі старой ідэалёгіі.

Завочна "асудзіць" кагосьці зь беларускіх журналістаў інтэгратары не рызыкнулі. Палкоўнік Гарох паабяцаў, што камітэт бясьпекі абавязкова падрыхтуе навукова-тэарэтычную справаздачу ў пытаньнях СМІ дзеля зацьверджаньня рэкамэндацыяў радаю міністраў "Саюзнае дзяржавы".

Як паведаміў палкоўнік Гарох, у лютым у Раўбічах пад Менскам пройдзе беларуска-расейская канфэрэнцыя ў пытаньнях комплекснай абароны інфармацыі. Як потым распавялі ў кулюарах калегі-журналісты, магчыма, там і будзе дадзенае "дабро" на яшчэ больш радыкальны падзел на "чэсных" і "нячэсных".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG