Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора праваабарончая арганізацыя Freedom House з сядзібай ў Нью-Ёрку апублікавала гадавую справаздачу аб палітычных і грамадзянскіх свабодах "Свабода ў сьвеце: 2000-2001". Беларусь залічаная да "несвабодных краінаў" і атрымала найгоршы бал – 6.

Справаздача, падрыхтаваная арганізацыяй і незалежнымі палітыкамі, журналістамі і навукоўцамі з розных краінаў, якія супрацоўнічаюць з Freedom House, ахоплівае 192 краіны сьвету. Акрамя іншага, яна, у прыватнасьці, адзначае непасрэдную ўзаемазалежнасьць паміж свабодай і эканамічным разьвіцьцём.

У сваіх гадавых справаздачах, якія Freedom House рыхтуе з 78-га году, з пункту гледжаньня грамадзянскіх і палітычных свабодаў, краіны сьвету дзеляцца на "свабодныя", " часткова свабодныя" і "несвабодныя". Яны ацэненыя паводле шкалы ад 1-го, што азначае найлепшы паказчык, да 6-ці – найгоршы.

Сёлетняя справаздача характэрызуецца тым, што яна ацэньвае сытуацыю ў кантэксьце ўсяго апошняга дзесяцігодзьдзя. Паводле Freedom House, 86 краінаў сьвету, у якіх жывуць 40 адсоткаў ўсяго насельніцтва сьвету – свабодныя. Гэта найвышэйшы паказчык за апошнія 25 гадоў.

59 краінаў з насельніцтвам 1400 мільёнаў чалавек – часткова свабодныя. Гэта краіны, у якіх грамадзянскія і палітычныя правы абмежаваныя. Яны характарызуюцца карупцыяй, дамінуючай роляй кіруючых партыяў, а таксама этнічнымі і рэлігійнымі канфліктамі.

47 краінаў, якія прадстаўляюць больш за 35 асоткаў сьвету, – несвабодныя. Гэтак, як і ў апошнія чатыры гады, да іх належыць Беларусь, палітычная сыстэма якой названая ў справаздачы "прэзыдэнцкай дыктатурай". У справаздачы Freedom House Беларусь атрымала 6-ць балаў, гэта значыць найгоршую з магчымых адзнаку. Для параўнаньня, нават суседнія Расея і Ўкраіна залічаныя да "часткова свабодных". З прычыны нападкаў на незалежныя СМІ і карупцыі, яны атрымалі адпаведна 4 і 5 балаў.

Праўда, трэба адзначыць, што Беларусь ня самая апошняя. Зь ліку "несвабодных" 11-ць краінаў названыя "найгоршымі з найгоршых". Сярод іх апынуліся: Афганістан, Куба, Ірак, Лівія, Паўночная Карэя і Туркмэністан.

У справаздачы Freedom House шмат увагі прысьвячае тэндэнцыям, якія назіраюцца за апошняе дзесяцігодзьдзе. Сёлета, колькасьць "свабодных" краінаў павялічылася на 10 у параўнаньні з 95-м годам. Адначасова менш "несвабодных" і "часткова свабодных" краінаў. Зьменшылася таксама колькасьць грамадзянскіх войнаў і ўнутраных канфліктаў ў сьвеце. У сёлетняй справаздачы пералічаныя краіны, ў якіх адбыўся найбольш выразны зрух ў накірунку свабоды, як і тыя, дзе сытуацыя рэзка пагоршылася.

Найбольш значныя дасягненьні зафіксаваныя ў Югаславіі і Мэксыцы. Пасьля 10 гадоў крывавага рэжыму Мілошэвіча, у Югаславіі абранае новае кіраўніцтва на чале з Каштуніцам, і зьявілася надзея на трывалы мір на Балканах. У Мэксыцы, пасьля 70-ці гадоў кіраваньня адной партыі, новы прэзыдэнт Фокс распачаў дэмакратызацыю краіны. Затое выразнае пагаршэньне сытуацыі, паводле Freedom House, адбылося на Блізкім Усходзе, у Іране, Вэнэсуэле, а таксама ў некаторых раёнах Афрыкі. Чатыры краіны, у тым ліку Харватыя, з "часткова свабодных" перайшлі ў шэраг "свабодных". У 12 іншых краінах, сярод якіх Югаславія і Босьнія, за апошні год зафіксаваныя станоўчыя тэндэнцыі. Затое выразна пагоршылася сытуацыя ў Кыргыстане, дзе ў выніку несвабодных выбараў, прэзыдэнт Акаеў сканцэнтраваў ў сваіх руках поўную ўладу.

Паводле справаздачы, існуе цесная сувязь паміж свабодай і эканомікай.
Як заявіў прэзыдэнт Freedom House Адрыян Каратніцкі:

"Як паказала абсьледаваньне, падаахвочваньне палітычнай свабоды, гэта ня толькі справа маральных каштоўнасьцяў. З нашых назіраньняў вынікае, што палітычныя правы і грамадзянскія свабоды спрыяюць эканамічнаму росту і разьвіцьцю".

У гадох 90-98, эканамічны рост у свабодных краінах склаў прыблізна 2,5 адсоткі, у той час, калі ў несвабодных краінах усяго няпоўных паўтары адсотка. Прэзыдэнт Freedom House Адрыян Каратніцкі ўдакладніў, што заможнасьці краіны спрыяюць у прыватнасьці: вяршэнства закону, прыватная ўласнасьць, удзел грамадзтва ў палітычных працэсах, а таксама адсутнасьць карупцыі.
Выключэньнем ад гэтай нормы зьяўляцца недэмакратычныя краіны: Індыя, Сальвадор, Гана, Манголія і Кітай. У Кітаі, незважаючы на рэпрэсіўны рэжым, цягам апошніх гадоў эканамічны рост быў вышэйшы, чым у свабодных краінах. Аднак, як патлумачыў аналітык Freedom House Чарльз Грайбоў:

"Нават Кітай зь вялікім эканамічным ростам за апошнія гады зараз стаіць перад праблемай сур'ёзных эканамічных праблемаў. Там неабходна закрыць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, што выкліча масавыя звальненьні".

Агулам сёлетняя справаздачы Freedom House – аптымістычная. Паводле прэзыдэнта арганізацыі Адрыяна Каратніцкага, у сэнсе правоў чалавека, дзьвюхтысячны год быў памысны для сьвету. Новая адміністрацыя ЗША, у сваёй замежнай палітыцы будзе мець дачыненьне з усё большай колькасьцю краінаў, якія падзяляюць ейныя каштоўнасьці: "Адкрытасьць палітычных працэсаў, вяршэнства закону і эканамічная свабода, заснаваная на прыватнай ўласнасьці".

XS
SM
MD
LG