Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Амбасада Ўкраіны ў Беларусі распаўсюдзіла заяву пра падзеі, зьвязаныя са зьнікненьнем журналіста Георгія Гангадзе. У заяве сьцьвярджаецца, што абвінавачаньні супраць прэзыдэнта Леаніда Кучмы з нагоды гэтага зьнікненьня — "беспадстаўныя". Тым часам у Беларусі таксама пільна сочаць за гэтым надзвычай вострым канфліктам, які выліўся ў процістаяньне галінаў улады.

Палітычны крызыс у Кіеве разгарэўся пасьля таго, як былы сьпікер украінскага парлямэнту Аляксандар Мароз апублікваў аўдыёзапіс, у якім, нібыта, Леанід Кучма дае загад расправіцца з апазыцыйным журналістам, рэдактарам інтэрнэт-газэты "Украінська правда" Георгіем Гангадзе. Пакуль яшчэ ня спраўджаная праўдзівасьць гэтых запісаў, але скандал перайшоў ужо межы Ўкраіны.

У заяве з гэтае нагоды, распаўсюджанай украінскай амбасадаю ў Менску, зазначаецца, што "…пэўныя сілы спрабуюць надаць справе зьнікненьня журналіста Гангадзе, расьсьледаваньнем якога займаюцца праваахоўныя ворганы, палітычную афарбоўку ды безпадстаўна вылучаюць абвінавачваньні супроць кіраўніка ўкраінскае дзяржавы. (…) Пэрспэктыва пасьпяховага станаўленьня Ўкраіны як моцнай эўрапейскай дзяржавы не задавальняе тых, хто разьдзьмувае скандал вакол справы Гангадзе, адкрыта спэкулюючы лёсам чалавека. Абвінавачваньні прэзыдэнта ў арганізацыі гэтага зьнікненьня маюць за сваю мэту справакаваць кіраўніка дзяржавы на аўтарытарныя дзеяньні і такім чынам дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, сказіць яе імідж у вачох дэмакратычных дзяржаваў".

Украінскія дыпляматы зьвяртаюць увагу, што Леанід Кучма не зрабіў ніякіх крокаў да абмежаваньня адкрытасьці ўкраінскага грамадзтва, паводле палітычных меркваньняў ня спынены выхад ніводнага апазыцыйнага СМІ, і ў тым ліку адкрыта асьвятляецца скандал з аўдыё- і відэазапісамі, што распалілі гэты скандал.

У Беларусі пільна сочаць за разьвіцьцём падзеяў у суседняй Украіне. Аляксандар Лукашэнка днямі прызнаў, што гэтыя падзеі могуць прывесьці да імпічмэнту Леаніда Кучмы, ды зазначыў, што ён папярэджваў яго. Старшыня БНФ Вінцук Вячорка таксама не выключае варыянт імпічмэнту. Вінцук Вячорка пагаджаецца і з ацэнкаю самога Леаніда Кучмы, што ў справу гэтую ўцягнутыя спэцслужбы. Пры гэтым, Вячорка не выключае, што гэтую сытуацыю паспрабуе выкарыстаць Расея.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік Правабарончага цэнтру "Вясна" падкрэсьлівае падабенства сытуацыі са зьнікненьнем Гангадзе з выпадкамі зьнікненьня вядомых людзей у Беларусі:

(Бяляцкі: ) "Можна параўнаць нават (хаця гэта кепскае параўнаньне) зьнікненьне Зьміцера Завадзкага ў нас і зьнікненьне ўкраінскага журналіста там, на Ўкраіне. Калі ў нас гэтую праблему доўгі час замоўчвалі, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі і зараз абсалютна ніякай увагі гэтаму не надаюць, то на Ўкраіне ёсьць даволі моцныя афіцыйныя, грамадзкія структуры – гэта і парлямэнт Украіны, гэта і журналісцкае асяродзьдзе, якія нават праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ўсё ж такі асьвятляюць гэтую праблему і даюць тыя факты і зьвесткі, якія зьяўляюцца. Гэта надзвычай важны момант. Гэтага мы, у Беларусі, ня маем".

Падкрэсьліў Алесь Бяляцкі.

Незалежны палітоляг Аляксандар Патупа мяркуе, што Беларусь у пэўнай ступені павінна вучыцца на падобных нэгатыўных уроках Украіны. Але ён падкрэсьлівае, што гэтыя падзеі разгорваюцца на тле надзвычай скандальнай эканамічнай абстаноўкі ва Ўкраіне, што абвастрае супярэчнасьці паміж галінамі ўлады. Спадар Патупа прызнае, што ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, ціск супраць незалежнае прэсы таксама моцны:

"Наколькі верагодныя дзеяньні такога роду ў адносінах да журналістаў? На вялікі жаль, можна сказаць, што вельмі верагодныя. І падставаю для іх могуць быць ня толькі палітычныя матывы, тут вялікую ролю можа адыграць і моцная карупцыя, якая пануе ва Ўкраіне. Усялякае выкрываньне карупцыйнае дзейнасьці журналістамі ў такіх умовах зьяўляецца надзвычай небясьпечным", — лічыць Аляксандар Патупа.

Большасьць суразмоўцаў не гатовыя рабіць ацэнкі, ці ёсьць тут на справе віна Кучмы, ці праўдзівыя стужкі, якія прагучалі ў Вярхоўнай Радзе. Яны выказваюць спадзяваньне, што ў рэшце рэшт праўда, як у справе ўзьнікненьня Георгія Гангадзе, гэтак і беларускага журналіста Зьмітра Завадзкага будзе раскрытая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG