Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Магілеўскі праваабаронца Сяргей Абадоўскі сёньня зьвярнуўся з адкрытым лістом да адміністрацыі сьледчай турмы, дзе ўтрымліваецца ягоны сын Дзьмітры Абадоўскі. Дзьмітры знаходзіцца пад арыштам паўтары гады і зараз абвесьціў галадоўку пратэсту.

Сёньня заканчваюцца дзясятыя суткі галадоўкі Дзьмітрыя Абадоўскага. Калі ўлічыць, што ў лістападзе зьняволены галадаў 15 дзён, сем зь якіх былі сухімі, можна сабе ўявіць стан здароўя маладога чалавека. Ён заявіў, што пратэстуе супраць самавольства, якое ўчынілі над ім і ягонай сям'ёй праваахоўчыя ворганы. Дзьмітры і ягоная абарона лічаць яго крымінальную справу, якая зараз знаходзіцца паводле рашэньня суду на дасьледаваньні, сфабрыкаванай.

Сяргей Абадоўскі, бацька зьняволенага, сёньня перадаў начальніку сьледчага ізалятара Івану Восіпаву свой адкрыты ліст, у якім патрабуе тэрмінова перавесьці сына ў рэанімацыю. Тое, што зараз адбываецца з Дзьмітрыем, Абадоўскі-старэйшы называе зьдзекам. Пры рэзкім пагаршэньні стану здароўя зьняволены па-ранейшым утрымліваецца ў камэры на 26 чалавек, якія, зразумела, на ягоных вачах п'ць і ядуць, ды яшчэ і на восьмы дзень сухой галадоўкі Дзьмітрыя прызначылі дзяжурным па камэры, у абавязкі якога ўваходзіць тры сухіх прыборкі і дзьве поўныя, з мыцьцём падлогі.

"Галадоўка разьлічаная на сумленных людзей, гэта – пратэст адчаю. – Піша Сяргей Абадоўскі ў адкрытым лісьце. – Сын паступова памірае, заўтра можа быць позна. Не бярыце на сябе грэх," – зьвяртаецца ён да адміністрацыі турмы.

Сам Дзьмітры Абадоўскі, паводле словаў яго бацькі, не жадае ісьці ў рэанімацыю і паабяцаў супраціўляцца, калі яго туды пацягнуць. Ён вырашыў або памерці, або дамагчыся выкананьня сваіх умоваў, як то: спыненьні рэпрэсіяў адміністрацыі турмы і адмысловага зацягваньня сьледзтва, а самае галоўнае – зьмены меры стрыманьня для Дзьмітрыя, вызваленьне яго з пад варты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG