Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Днямі ў Беларусі быў створаны арганізацыйны камітэт пад назваю "Зямля й воля". Гэты аргкамітэт зьбіраецца ствараць структуры падтрымкі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты й назіраць за будучымі выбарамі ў сельскай мясцовасьці.

У аргкамітэт "Зямля й воля" ўвайшлі былы лідэр Сялянскае партыі Беларусі Яўген Лугін, эканаміст-аграрнік Міхась Антоненка, прафэсар Уладзімер Доўнар ды іншыя (усяго каля 50 чалавек). Галоўная мэта гэтай арганізацыі — фармаваньне ініцыятыўных групаў выбаршчыкаў дзеля збору подпісаў за адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ў сельскай мясцовасьці.

Акрамя стварэньня перадвыбарчых штабоў, сябры аргкамітэту зьбіраюцца рыхтаваць кандыдатаў для працы ў выбарчых камісіях, назіральнікаў за ходам галасаваньня й гэтак далей. Сябры аргкамітэту "Зямлі й Волі" падрыхтавалі адмысловую заяву, у якой тлумачаць свае мэты й задачы, а таксама матывы дзейнасьці. Яны лічаць, што адзіны кандыдат у прэзыдэнты мусіць быць лідэрам, які ўзначаліць агульнанацыянальны рух "За Адраджэньне Вёскі".

На думку прадстаўнікоў аргкамітэту "Зямля й Воля", галоўным лёзунгам іхнага кандыдата ў прэзыдэнты павінны стаць словы "Зямлі патрэбны гаспадар". Акрамя рэформаў у сельскай гаспадарцы, будучы прэзыдэнт таксама павінен будаваць у Беларусі праўную дзяржаву, умацоўваць сувэрэнітэт ды праводзіць новую эканамічную палітыку.

Сябры аргкамітэту гавораць, што іхная арганізацыя будзе шчыльна супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратычнымі сіламі. Гаворыць старшыня арганізацыйнага камітэту "Зямля й Воля" Яўген Лугін:

(Лугін: ) "Мы ўпэўненыя, што цеснае супрацоўніцтва і з Каардынайцыйнай радай, і з Выбарам-2001, і з іншымі арганізацыямі, якія занятыя ў выбарчай кампаніі, у нас будзе працягвацца. Але кожны будзе рабіць сваю справу. Мы, напрыклад, у адрозьненьне ад іншых арганізацыяў, якія больш занятыя падборам кандыдата, будзем займацца практычнай дзейнасьцю, будзем выбіраць людзей для ініцыятыўнай групы, рыхтаваць людзей для працы ў камісіях выбарчых, і будзем таксама рыхтаваць назіральнікаў за ходам выбарчай кампаніі".

— паведаміў нашаму радыё спадар Лугін.

Прадстаўнікі аргкамітэту "Зямлі й Волі" маюць намер стварыць штабы адзінага кандыдата амаль ва ўсіх населеных пунктах, дзе ёсьць выбарчыя ўчасткі. Паводле Яўгена Лугіна, неўзабаве сябры аргкамітэту пачнуць кансультацыі зь лідэрамі аб'яднанай апазыцыі, прадстаўнікамі Фэдэрацыі прафсаюзаў, Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі ды іншымі арганізацыямі, а таксама з такімі вядомымі аграрнікамі як Васіль Лявонаў і Васіль Старавойтаў.

Лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў вітае любыя ініцыятывы, накіраваныя на адзінства апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку й стварэньне камандаў адзінага кандыдата ў сельскай мясцовасьці. Паводле спадара Лябедзькі, КРДС гатовая разгледзець прапановы аргкамітэту "Зямля й Воля".

Гатовасьць да супрацоўніцтва з новай арганізацыяй выказаў і старшыня Каардынацыйнае рады ў справах назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб. Паводле спадара Грыба, цяпер ідзе актыўнае фармаваньне камандаў назіральнікаў, і сябрам новага аргкамітэту працы хопіць. Мечыслаў Грыб таксама пракамэнтаваў нядаўнія абвінавачваньні Аляксандра Лукашэнкі, які ў аўторак заявіў, што на грошы Захаду ў Беларусі ствараецца 14-тысячны корпус назіральнікаў за выбарамі й г.д. На думку старшыні Рады, спадар Лукашэнка проста страшэнна баіцца, што будучыя выбары пройдуць пад пільным наглядам грамадзкасьці. Але, паводле Мечыслава Грыба, назіраньне за выбарамі адбудзецца ў кожным выпадку — падабаецца гэта Лукашэнку, ці не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG